Поўная версія

Польшча спадзяецца правесці Еўрапейскія гульні гэтак жа добра, як і Беларусь - Тарлецкі

Грамадства 22.08.2019 | 15:28

22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Польшча спадзяецца правесці Еўрапейскія гульні гэтак жа добра, як і Беларусь. Аб гэтым сёння журналістам заявіў віцэ-маршал польскага Сейма Рышард Тарлецкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Польская парламенцкая дэлегацыя на чале з віцэ-маршалам Сейма знаходзіцца з візітам у Беларусі па 23 жніўня. Парламентарыі правядуць перагаворы ў Міністэрстве спорту і турызму, дзе абмяркуюць у прыватнасці вопыт правядзення Еўрапейскіх гульняў. Паводле слоў Рышарда Тарлецкага, для польскага боку гэта важнае пытанне. "Мы хочам, каб Еўрапейскія гульні ў Польшчы былі праведзены гэтак жа добра, як у Мінску", - сказаў ён.

Дэлегацыя ў час візіту ў Беларусь пабывае ў Мядзельскім і Глыбоцкім раёнах, дзе сустрэнецца з прадстаўнікамі мясцовых улад. Таксама будзе абмяркоўвацца развіццё супрацоўніцтва ў турызме. "У сувязі з гэтым мы з вялікай радасцю прымаем навіны аб тым, што магчымасці наведаць Беларусь без візы пашыраюцца", - падкрэсліў Рышард Тарлецкі.

У сваю чаргу намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук адзначыў, што польскім калегам будзе карысны беларускі вопыт правядзення Еўрапейскіх гульняў. Ён таксама акцэнтаваў увагу на развіцці супрацоўніцтва ў турыстычнай сферы. Яго патэнцыял можа быць задзейнічаны больш, у тым ліку дзякуючы пашырэнню бязвізавага рэжыму ў Беларусі.

Як паведамлялася, у жніўні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ нумар 300 "Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян". Аб'ядноўваюцца дзве бязвізавыя зоны Брэсцкай і Гродзенскай абласцей у адну. У яе ўключаюцца яшчэ пяць раёнаў Гродзенскай вобласці: Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Лідскі і Шчучынскі. Пры гэтым тэрмін бязвізавага знаходжання ў турыстычных мэтах павялічваецца да 15 сутак для грамадзян 73 дзяржаў. Новыя правілы ўступяць у сілу 10 лістапада, цяпер у гэтых зонах заходніх абласцей дзейнічае 10-дзённы бязвіз.

Праз Нацыянальны аэрапорт Мінск без візы можна ўехаць на тэрмін да 30 дзён.

II Еўрапейскія гульні праходзілі ў Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыгралі 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. III Еўрапейскія гульні плануецца правесці ў Польшчы ў 2023 годзе.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія