Поўная версія

Петрышэнка: WorldSkills - адзін са спосабаў быць у сусветным трэндзе прафпадрыхтоўкі для Беларусі

Грамадства 12.08.2019 | 19:23
Ігар Петрышэнка. Фота з архіва
Ігар Петрышэнка. Фота з архіва

12 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удзел у сусветных чэмпіянатах WorldSkills дае Беларусі магчымасць дэманстраваць свае поспехі ў прафпадрыхтоўцы і пераймаць перадавы вопыт іншых краін. Аб гэтым заявіў сёння намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка на ўрачыстых праводзінах рэспубліканскай каманды на 45-ы міжнародны чэмпіянат прафесійнага майстэрства WorldSkills Kazan 2019, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца ўдасканаленню прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў. Гэта аснова развіцця нашай эканомікі. Таму для нас важна ўкараняць перадавыя сусветныя методыкі. Аснашчаем навучальныя ўстановы новай матэрыяльна-тэхнічнай базай, укараняем інфармацыйныя тэхналогіі, каб наша краіна ішла ў нагу з сусветнымі лідарамі. Таксама важна дэманстраваць і супастаўляць узровень уласнай прафпадрыхтоўкі з сусветнымі трэндамі. Адзін са спосабаў - WorldSkills. Гэта магчымасць прадэманстраваць свае лепшыя методыкі і дасягненні. І паглядзець, як у іншых, каб, магчыма, адкарэкціраваць навучальныя праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў, у тым ліку ў 47 структурных рэсурсных цэнтрах", - сказаў Ігар Петрышэнка. Ён пажадаў канкурсантам поспехаў і нагадаў, што іх задача - набрацца новых ведаў, а таксама паказаць усяму свету, што Беларусь - краіна з высокім прафесійным патэнцыялам не толькі ў сферы вышэйшай адукацыі, але і па рабочых спецыяльнасцях.

WorldSkills International (WSI) - міжнародны некамерцыйны рух, мэтай якога з'яўляецца павышэнне прэстыжу прафесійнай адукацыі і стандартаў прафесійнай падрыхтоўкі, прыцягненне моладзі ў вытворчы сектар эканомікі, папулярызацыя рабочых прафесій і спецыяльнасцей. Удзельнікі - маладыя людзі да 22 гадоў (па некаторых кампетэнцыях - да 24 гадоў).

У студзені 2014 года Беларусь афіцыйна стала членам міжнароднай арганізацыі WorldSkills International. За гэты перыяд было праведзена тры рэспубліканскія конкурсы прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus (у 2014, 2016, 2018 гадах). Прадстаўнікі рэспублікі ўдзельнічалі ў 43-м міжнародным чэмпіянаце WorldSkills у бразільскім Сан-Паўла (у 15 кампетэнцыях), у 44-м чэмпіянаце ў Абу-Дабі (27 кампетэнцый).

На першынстве гэтага года збяруцца больш як 1,5 тыс. канкурсантаў з 63 краін свету. Беларусь будзе прадстаўлена 40 удзельнікамі (36 канкурсантаў WorldSkills па 33 кампетэнцыях, 4 канкурсанты JuniorSkills па 4 кампетэнцыях). Акрамя таго, у Казані беларусы паспаборнічаюць за прызы ў трох новых кампетэнцыях па напрамку FutureSkills: "Тэхналогія прамысловага дызайну", "Квантавыя (лазерныя) тэхналогіі", "BIM-тэхналогіі: інфармацыйнае мадэляванне будынка".

Агульны склад каманды, уключаючы ўдзельнікаў, экспертаў, перакладчыкаў, афіцыйных асоб, - 83 чалавекі. Беларуская зборная, у якой прадстаўлены ўсе рэгіёны краіны, была адабрана па выніках III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus - 2018. На працягу года канкурсанты сумесна з экспертамі рыхтаваліся да сусветнага першынства, праходзілі інтэнсіўнае навучанне і стажыроўкі, у тым ліку за мяжой.

"Працэс падрыхтоўкі быў вельмі цікавы, мы даведаліся шмат новага. І тое, што раней здавалася складаным і нават недаступным, сёння выклікае азарт - бо з дапамогай праграмнага кіравання мы на вашых вачах па чарцяжах ствараем нават складаныя мадэлі. Хочацца развіваць сучасныя тэхналогіі ў Беларусі, прывезці са спаборніцтваў новыя веды, якія будуць карысны краіне", - прызнаўся капітан нацыянальнай зборнай WorldSkills Дзмітрый Грук. Хлопец упэўнены не толькі ў сваіх сілах (ён выступіць у кампетэнцыі "Такарныя работы на станках з праграмным кіраваннем"), але і ў поспеху каманды. Пасля вучобы ў Барысаўскім дзяржаўным політэхнічным каледжы ён застаўся працаваць там жа загадчыкам аддзялення і ведае, як знайсці агульную мову з мэтанакіраванымі канкурсантамі незалежна ад кампетэнцыі.

Капітан папярэдняй нацыянальнай зборнай WorldSkills Дзмітрый Пісараў параіў на конкурсе берагчы здароўе, не нервавацца і прыслухоўвацца да экспертаў. Менавіта яны ў гэты час стануць вачамі і вушамі хлопцаў і дзяўчат, каб тыя маглі сканцэнтравацца на заданнях. Сам Дзмітрый пасля дастойнага выступлення (16-е месца з 26 у кампетэнцыі "Абліцовачныя работы") зразумеў, што майстэрства трэба ўдасканальваць пастаянна, каб быць на сусветным узроўні. Цяпер ён у якасці майстра вытворчага навучання рыхтуе навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага прафліцэя нумар 12 будаўніцтва.

Менавіта гэты ліцэй у свой час скончыў цяперашні трэцякурснік індустрыяльна-педагагічнага каледжа Рэспубліканскага інстытута прафадукацыі Аляксандр Лукша, які паспаборнічае за перамогу ў кампетэнцыі "Сантэхніка і ацяпленне". Хлопец прызнаўся, што пры выбары будучай прафесіі імкнуўся спасцігнуць абсалютна новую для сябе сферу. А ў працэсе навучання пераканаўся: быць майстрам у любімай справе, якая будзе запатрабавана заўсёды, - гэта здорава.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Фота з архіва ЦВК: яўка выбаршчыкаў на датэрміновым галасаванні ў гэтым годзе вышэйшая, чым на парламенцкіх выбарах-2016
Учора 19:29
Беларусь займае 2-е месца сярод краін СНД па колькасці студэнтаў
Учора 18:45
Беларусь і Кітай да 2021 года плануюць рэалізаваць 35 сумесных навукова-тэхнічных праектаў
Учора 16:26
Міхаіл Русы ў час прыёму грамадзян Русы: на месцах з грамадзянамі трэба працаваць асабіста, а не перадаваць дакументы з кабінета ў кабінет
Учора 15:47
ФПБ з 15 лістапада будзе маніторыць выкананне тэмпературнага рэжыму на прадпрыемствах
Учора 14:41
Беларусь ініцыюе змяненне дагавора з Расіяй аб узаемных намаганнях у ахове граніцы
Учора 14:30
Фота з архіва Цёплае і пераважна без ападкаў надвор'е захаваецца ў Беларусі да пачатку наступнага тыдня
Учора 12:10
Зась: набыццё знішчальнікаў Су-30СМ паклала пачатак паэтапнаму пераўзбраенню ВПС Беларусі
Учора 10:10
Кіраўнікі дзяржорганаў у лістападзе правядуць выязныя прыёмы грамадзян
13 Лістапад, 19:55
Поўная версія