Поўная версія

Петрышэнка: важна не проста прыцягнуць турыста, але і стварыць яму камфортныя ўмовы

Грамадства 14.08.2019 | 19:55
Ігар Петрышэнка
Ігар Петрышэнка

14 жніўня, Навагрудак /Кар. БЕЛТА/. На важнасць стварэння камфортных умоў для турыстаў, асабліва ў рэгіёнах, звярнуў увагу ў гутарцы з журналістамі намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка. Ён прыняў удзел у пасяджэнні міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па турызме пры Савеце Міністраў, якое праводзіцца ў Навагрудку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Турызм - важная сфера эканомікі, патэнцыял якой далёка не поўнасцю рэалізаваны. У 2018 годзе экспарт турыстычных паслуг склаў каля $230 млн, але я ўпэўнены, што гэты паказчык можа быць значна вышэйшы. Для развіцця гэтай сферы прымаюцца канкрэтныя крокі", - сказаў Ігар Петрышэнка. Напрыклад, на мінулым тыдні быў падпісаны ўказ аб аб'яднанні Гродзенскай і Брэсцкай бязвізавых тэрыторый. Акрамя таго, бязвізавая зона пашырана.

"Фактычна ніякіх перашкод для наведвання рэгіёнаў няма. Гэта яшчэ больш прастымулюе экспарт турыстычных паслуг. Цяпер задача за туркампаніямі, прыватным бізнесам, занятым у гэтай сферы. У Беларусі ёсць што прапанаваць і паказаць замежным грамадзянам і ў гістарычным, і аздараўленчым, і іншых відах турызму. Аднак важна не проста прыцягнуць турыста, а стварыць яму камфортныя ўмовы ў плане пражывання, грамадскага харчавання. У гэтым напрамку ёсць над чым працаваць, асабліва ў невялікіх населеных пунктах", - адзначыў Ігар Петрышэнка. Паводле яго слоў, у гэтай сферы добрыя перспектывы ў прыватнага бізнесу. Прыкладам можа служыць аграэкатурызм.

Навагрудак у якасці базы для работы савета быў выбраны невыпадкова. Гэта адзін з турыстычных цэнтраў краіны, які прываблівае розныя катэгорыі гасцей: тут развіваюць і гістарычны, і настальгічны, і патрыятычны, і іншыя віды турызму. Удзельнікі пасяджэння наведалі замкі ў Любчы і Навагрудку, пабывалі ў музеі яўрэйскага супраціўлення, доме-музеі Адама Міцкевіча. Абмяркоўваліся актуальныя пытанні, якія датычацца развіцця сферы турызму, захавання, аднаўлення і выкарыстання аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія