Поўная версія

Пажарныя апавяшчальнікі дапамаглі выратаваць жыцці больш як 2,3 тыс. чалавек - МНС

Грамадства 08.10.2019 | 16:07
Фота з архіва
Фота з архіва

8 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пажарныя апавяшчальнікі дапамаглі выратаваць жыцці больш як 2,3 тыс. чалавек, усяго ў Беларусі па дзяржпраграмах было ўстаноўлена каля 55 тыс. такіх устройстваў. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў начальнік упраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Дзмітрый Турчын, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Каля 70 працэнтаў усіх пажараў адбываецца менавіта ў ацяпляльны асенне-зімовы перыяд. Самы пікавы месяц - снежань", - расказаў прадстаўнік МНС. Ён адзначыў, што МНС ва ўзаемадзеянні з такімі ведамствамі, як МУС, Міністэрства аховы здароўя, Мінэнерга і Мінжылкамгас, з 16 кастрычніка па 1 лістапада будзе праводзіць акцыю "За бяспеку разам". Акцэнт будзе на адзінока пражываючых людзях, інвалідах, сем'ях з дзецьмі ў сацыяльна небяспечным становішчы. Спецыялісты абследуюць жыллё, парушэнні пажарнай бяспекі будуць аператыўна ўстараняцца ва ўзаемадзеянні з мясцовымі ўладамі. У тым ліку ў некаторых выпадках будуць устанаўлівацца аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

Як падкрэсліў Дзмітрый Турчын, існуюць дзве праграмы, якія прадугледжваюць выдзяленне грошай на ўстаноўку АПА. "У адпаведнасці з гэтымі праграмамі за кошт мясцовых выканаўчых органаў у 4 тыс. домаўладанняў электраправодка прыведзена ў адпаведнасць з патрабаваннямі, у 3,6 тыс. - пячное ацяпленне. Устаноўлена каля 55 тыс. аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, - сказаў начальнік упраўлення. - АПА ўжо не раз пацвярджалі сваю эфектыўнасць. Толькі за 2018 год зафіксавана 104 факты выяўлення ўзгаранняў на пачатковай стадыі, дзякуючы якім выратаваны 110 чалавек, у тым ліку 17 дзяцей. У гэтым годзе такіх выпадкаў 66. Усяго за час эксплуатацыі АПА ў нас, можна сказаць, выратавана 2328 чалавек. Гэта сур'ёзная лічба".

Работа ратавальнікаў па прадухіленні пажараў датычыцца ў першую чаргу жылля людзей. Пры гэтым часта віноўнікамі здарэнняў у жылым сектары становяцца асацыяльныя асобы, людзі, якія злоўжываюць алкаголем. "Калі ўзяць статыстыку па гэтым годзе, то большая частка пажараў (каля 55 працэнтаў), дзе загінулі людзі, адбылася з-за гэтых асоб", - праінфармаваў Дзмітрый Турчын. У час мерапрыемстваў па папярэджанні пажараў ратавальнікі тлумачаць аб небяспецы выкарыстання няспраўных абагравальнікаў і печаў.

У час акцыі "За бяспеку разам" ратавальнікі будуць абследаваць жыллё і па заявах грамадзян. Такая магчымасць для людзей існуе ўжо трэці год. Ратавальнікі фіксуюць павелічэнне колькасці зваротаў - у 2016 годзе было каля 1 тыс. заяў, у наступным годзе - 1,2 тыс., а ў 2018-м - больш за 2 тыс.

Колькасць пажараў за 9 месяцаў бягучага года вырасла на 5 працэнтаў у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года. Колькасць смярцей пры гэтым знізілася на 7 працэнтаў. Дзмітрый Турчын звязвае рост колькасці ўзгаранняў у тым ліку з цёплым красавіком - тады адбылося шмат лясных пажараў, гарэла трава.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія