ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 20 чэрвеня 2021
Мінск Ясна +29°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 мая 2021, 13:40

Палата прадстаўнікоў падтрымала змяненні ў кодэксы па пытаннях крымінальнай адказнасці

Фота з архіва
Фота з архіва

7 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпутаты на пасяджэнні пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання прынялі ў другім чытанні законапраект "Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Законапраект падрыхтаваны ў мэтах выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы, дадзеных 18 чэрвеня 2020 года на нарадзе па праектах новых кодэксаў аб адміністрацыйнай адказнасці, 22 студзеня 2021 года на нарадзе па пытаннях узмацнення адказнасці за падатковыя злачынствы і 28 студзеня на нарадзе па пытаннях удасканалення заканадаўства. Дакумент унесены ў Палату прадстаўнікоў Саветам Міністраў і прыняты ў першым чытанні 16 красавіка.

"Законапраект накіраваны на ўдасканаленне з улікам практыкі прымянення дзеючага заканадаўства, заканадаўчага вопыту замежных краін, а таксама праведзеных навуковых даследаванняў норм Крымінальнага, Крымінальна-працэсуальнага і Крымінальна-выканаўчага кодэксаў Беларусі", - расказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Дубаў.

У прыватнасці, прапануецца ўвесці крымінальную адказнасць за наўмыснае незаконнае прадастаўленне інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных іншай асобы без яе згоды, што прывяло да прычынення істотнай шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна, учыненае у тым ліку ў адносінах да асобы або яе блізкіх у сувязі з ажыццяўленнем ёй службовай дзейнасці або выкананнем грамадскага абавязку.

Крымінальная адказнасць таксама прадугледжваецца за распаўсюджванне ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу, не зарэгістраванага ў якасці сеткавага выдання, інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена, учыненае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне; удзел у экстрэмісцкім фарміраванні і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці; неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, учыненае асобай, якая на працягу аднаго года пасля накладання двух адміністрацыйных спагнанняў за такія дзеянні зноў парушыла парадак арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў; за невыкананне рашэння аб прызнанні арганізацыі экстрэмісцкай і аб прыпыненні яе дзейнасці; кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіравання гэтым сродкам, учыненае паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання; падатковае махлярства.

Праектам закона прапануецца ўзмацніць крымінальную адказнасць за паклёп, заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі; наўмысныя несанкцыянаванае капіраванне, перахопліванне камп'ютарнай інфармацыі альбо іншае неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй, што прывяло да істотнай шкоды; супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку; насілле альбо пагрозу прымянення насілля ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў або яго блізкіх з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасці або прымушэння да змянення характару гэтай дзейнасці, або з помсты за выкананне службовай дзейнасці.

Узмацняецца крымінальная адказнасць за насілле альбо пагрозу насілля, знішчэння або пашкоджання маёмасці ў адносінах да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак па ахове грамадскага парадку або спыненні правапарушэнняў, або іх блізкіх з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасці або прымушэння да змянення характару гэтай дзейнасці, або з помсты за выкананне службовых абавязкаў або грамадскага абавязку. Узмацняецца і крымінальная адказнасць за насілле ў адносінах да суддзі, народнага засядацеля або іх блізкіх з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасці суддзі або народнага засядацеля або прымушэння да змянення характару гэтай дзейнасці, або з помсты за ажыццяўленне імі правасуддзя; за абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў; публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення незаконных сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі або пікетавання альбо ўцягненне асоб ва ўдзел у такіх масавых мерапрыемствах, калі іх правядзенне прывяло па неасцярожнасці да гібелі людзей; прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання асобе або прычыненне шкоды ў буйным памеры. А таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў; дыскрэдытацыю Беларусі; наўмыснае блакіраванне транспартных камунікацый, што прывяло да ўрону; ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў, што прывяло да ўрону ў буйным памеры.

Прадугледжваецца гуманізацыя крымінальнай адказнасці шляхам выключэння з Крымінальнага кодэкса шэрага артыкулаў і саставаў злачынстваў, якія маюць фармальны характар, ахопліваюцца прымяненнем iншых мер уздзеяння, прадугледжваюць адміністрацыйную прэюдыцыю, змяненні правіл заліку тэрмінаў утрымання пад вартай пры назначэнні крымінальнага пакарання, прадастаўлення магчымасці прымянення адтэрміноўкі і растэрміноўкі выплаты штрафу.

"З улікам прыняцця парламентам закона "Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму" законапраект дапоўнены палажэннямі аб замацаванні крымінальнай адказнасці за рэабілітацыю нацызму ў асобным артыкуле Крымінальнага кодэкса, а таксама аб увядзенні крымінальнай адказнасці за прапаганду або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі, учыненыя неаднаразова", - адзначыў парламентарый.

Акрамя таго, па прапанове Камітэта дзяржаўнага кантролю законапраект дапоўнены палажэннямі, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за выплату зарплат у канвертах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі