ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 27 кастрычніка 2021
Мінск Ясна +7°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 верасня 2013, 10:31

Пачалося сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2013"

20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пачалося сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2013". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве абароны Беларусі.

Вучэнне пройдзе на тэрыторыі дзвюх краін з 20 па 26 верасня пад кіраўніцтвам міністра абароны Беларусі і начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Расіі - першага намесніка міністра абароны РФ. Прафілактычныя дзеянні органаў ваеннага кіравання і войскаў будуць весціся на шасці палігонах, размешчаных на тэрыторыі Беларусі - на палігонах Брэсцкі, Гожскі, Асіповіцкі, Абуз-Лясноўскі, Барысаўскі, Даманаўскі, а таксама ў Калінінградскай вобласці Расіі. Вучэнне пройдзе ў два этапы. На першым этапе Аб'яднаным камандаваннем рэгіянальнай групоўкі войскаў прадугледжваецца ажыццявіць планаванне яе прымянення, кіраванне войскамі ў ходзе завяршэння разгортвання сіл, ізаляцыі раёнаў дзеянняў незаконных узброеных фарміраванняў, нарошчвання групоўкі ВПС і войскаў ППА для прыкрыцця важных дзяржаўных і ваенных аб'ектаў. На другім этапе плануецца адпрацаваць пытанні кіравання войскамі ў ходзе правядзення мерапрыемстваў ваеннага характару па стабілізацыі абстаноўкі ў інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы.

Агульная колькасць асабовага складу, які прыме ўдзел у вучэнні на тэрыторыі Беларусі, складзе 12,9 тыс. ваеннаслужачых (ад Беларусі крыху больш як 10 тыс., ад Расіі - амаль 2,5 тыс.). Плануецца задзейнічаць 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 70 танкаў, звыш 50 адзінак артылерыі і РСЗА, больш як 50 самалётаў і верталётаў. Будзе выкарыстана і найноўшая тэхніка, частка з якой прынята ўжо на ўзбраенне, а частка праходзіць апошнія выпрабаванні. У прыватнасці, будуць выкарыстоўвацца ўзоры беларускіх беспілотных лятальных апаратаў, сродкі сувязі, радыёлакацыі, сістэмы навігацыі і радыёбарацьбы. На расійскай тэрыторыі ў вучэнні ад Узброеных Сіл Беларусі будуць задзейнічаны амаль 200 ваеннаслужачых 103-й асобнай мабільнай брыгады. Пры гэтым падкрэсліваецца, што колькасць войскаў, якія ўдзельнічаюць у вучэнні, баявых танкаў, баявых браніраваных машын, самаходнай і буксіруемай артылерыі, колькасць плануемых самалётавылетаў не перавышае ўзровень, які падлягае абавязковаму назіранню за пэўнымі відамі ваеннай дзейнасці і ўстанаўліваецца рознымі дагаворамі і пагадненнямі ў галіне кантролю над узбраеннямі.

Бакі ў час вучэння "Захад-2013" разлічваюць удасканаліць аператыўную сумяшчальнасць штабоў розных узроўняў, а таксама спалучэнне перспектыўных сістэм кіравання войскамі і зброяй, апрабаваць палажэнні новых статутных дакументаў, распрацаваных ва ўзброеных сілах Беларусі і Расіі; даць практыку камандуючым, камандзірам і штабам у планаванні мерапрыемстваў ваеннага характару па стабілізацыі абстаноўкі, а таксама ў кіраванні войскамі ў час іх правядзення. Плануецца павысіць зладжанасць органаў ваеннага кіравання, палявую і паветраную вывучку злучэнняў і воінскіх часцей, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі, даць беларускаму і расійскаму ваенным ведамствам рэальную магчымасць зверыць выбраныя шляхі супрацоўніцтва ў інтарэсах развіцця ўзброеных сіл і ўмацавання абараназдольнасці Саюзнай дзяржавы. Вучэнне накіравана перш за ўсё на праверку функцыянавання сістэмы сумеснай абароны Саюзнай дзяржавы, яе здольнасці вырашаць задачы забеспячэння нацыяльнай і рэгіянальнай бяспекі. Тэматыка вучэння прадугледжвае адпрацоўку пытанняў падрыхтоўкі і прымянення груповак войскаў у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы.

Прыярытэтнымі напрамкамі пры вызначэнні задумы гэтага вучэння з'яўляліся сучасныя падыходы да прымянення войскаў на аснове вопыту ўзброеных канфліктаў апошніх гадоў, мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі, а таксама форм і спосабаў прымянення войскаў, выпрацаваных ва ўзброеных сілах дзвюх дзяржаў. Выкарыстаны адзін з магчымых варыянтаў узнікнення крызіснай сітуацыі і нарастання канфлікту, а бакі, якія проціборствуюць, умоўна размешчаны ў межах рэальных граніц Беларусі і трох сумежных абласцей Расіі.

Беларусь у канцы 2012 года афіцыйна паведаміла дзяржавам - удзельніцам Венскага дакумента 2011 года "Аб мерах умацавання даверу і бяспекі" аб маючым адбыцца сумесным вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2013", а таксама, дэманструючы транспарэнтнасць, імкненне да ўмацавання рэгіянальнай бяспекі і пояса добрасуседства, запрасіла для назірання за актыўнай фазай вучэння прадстаўнікоў ваенна-дыпламатычнага корпуса замежных краін, акрэдытаваных пры Міністэрстве абароны Беларусі, а таксама наглядальнікаў ад Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі