Поўная версія

НПЦ у галіне лясной гаспадаркі можа быць створаны ў Беларусі

Грамадства 16.10.2019 | 17:48
Фота з архіва
Фота з архіва

16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Навукова-практычны цэнтр у галіне лясной гаспадаркі можа быць створаны ў Беларусі, паведаміў сёння рэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Ігар Войтаў у час міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі-кірмашу "Мэбля-2019", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Важнейшым элементам у стварэнні любой вытворчасці, яго паспяховай дзейнасці з'яўляюцца кадры. Мы многія гады рыхтуем спецыялістаў для лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці, укараняем новыя тэхналогіі ў розных сферах. Цяпер абмяркоўваем з канцэрнам "Беллеспаперапрам" і Міністэрствам лясной гаспадаркі магчымае стварэнне навукова-практычнага цэнтра па лесаперапрацоўцы, лясной гаспадарцы, што будзе садзейнічаць руху наперад як у пытаннях распрацоўкі новых канструкцый і тэхналогій для мэблі, так і ў маркетынгу, продажах", - сказаў Ігар Войтаў.

XXVI Міжнародная спецыялізаваная выстаўка-кірмаш "Мэбля" праходзіць у Мінску 16-19 кастрычніка. Па традыцыі цэнтральным на ёй з'яўляецца стэнд прадпрыемстваў канцэрна "Беллеспаперапрам". Вялікую экспазіцыю прадставіла і Асацыяцыя прадпрыемстваў мэблевай і дрэваапрацоўчай прамысловасці. Усяго ў выстаўцы ўдзельнічаюць больш за 80 вытворцаў і пастаўшчыкоў мэблі і камплектуючых, абсталявання і тэхналогій з Беларусі, Расіі, Германіі, Аўстрыі і Польшчы.

Ключавой падзеяй дзелавой праграмы выстаўкі стаў "Мэблевы форум", які сабраў вялікую колькасць спецыялістаў у сферы мэблевай вытворчасці, дызайну і маркетынгу.

На выстаўцы падвядуць вынікі двух рэспубліканскіх конкурсаў сярод вытворцаў мэблі. Назавуць лепшае мэблевае прадпрыемства года і лепшую мэблю Беларусі 2019 года. Арганізатарамі конкурсаў выступаюць канцэрн "Беллеспаперапрам" і Асацыяцыя прадпрыемстваў мэблевай і дрэваапрацоўчай прамысловасці.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія