Поўная версія

Надвор'е ў бліжэйшыя дні будзе садзейнічаць завяршэнню ўборкі бульбы - Белгідрамет

Грамадства 15.10.2019 | 15:34
Фота з архіва
Фота з архіва

15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надвор'е ў бліжэйшыя дні будзе садзейнічаць завяршэнню ўборкі бульбы, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"На большай частцы тэрыторыі Беларусі складваюцца спрыяльныя аграметэаралагічныя ўмовы для правядзення ўборачных работ. Добрае ўвільгатненне верхняга слоя глебы дае магчымасць падтрымліваць высокія тэмпы зяблевай апрацоўкі. Да канца другой дэкады кастрычніка ўмовы надвор'я будуць садзейнічаць завяршэнню ўборкі бульбы, нарыхтоўцы кармоў, уборцы кукурузы, цукровых буракоў і позняй агародніны", - сказалі ў Белгідрамеце.

Даволі складаная аграметэаралагічная абстаноўка для правядзення палявых сельскагаспадарчых работ захоўваецца ў паўночным рэгіёне краіны. Паводле апошніх даных, у многіх раёнах Віцебскай вобласці верхні слой глебы па-ранейшаму значна ўвільготнены. На пераўвільготненай глебе правядзенне ўборкі сельскагаспадарчых культур, агратэхнічных мерапрыемстваў па доглядзе пасеваў азімых культур, пад'ём зябліва ўскладнены. Чакаецца, што ў бліжэйшыя дні пад уплывам цёплага надвор'я пераўвільготненая глеба ў паўночных раёнах будзе прасыхаць.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія