Поўная версія

МПЗ у 2017 годзе распрацуе мабільны дадатак для плацельшчыкаў

Грамадства 08.02.2017 | 14:48

8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства па падатках і зборах у 2017 годзе распрацуе мабільны дадатак для плацельшчыкаў, у якіх ёсць асабісты кабінет на сайце ведамства, паведаміў сёння журналістам міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка перад пачаткам пасяджэння падагульняючай калегіі з удзелам прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для бягучага года адзін з прыярытэтаў - пашырэнне бескантактнага ўзаемадзеяння з суб'ектамі гаспадарання. Акрамя таго, мы даём магчымасць і фізічным асобам узаемадзейнічаць з падатковай праз інтэрнэт. У гэтым годзе будзем развіваць функцыянал асабістага кабінета, будзе створаны мабільны дадатак", - растлумачыў міністр.

"Для бягучага года адзін з прыярытэтаў - пашырэнне бескантактнага ўзаемадзеяння з суб'ектамі гаспадарання. Акрамя таго, мы даём магчымасць і фізічным асобам узаемадзейнічаць з падатковай праз інтэрнэт. У гэтым годзе будзем развіваць функцыянал асабістага кабінета, будзе створаны мабільны дадатак", - растлумачыў міністр. Дадатак будзе створаны для Android.

Сяргей Налівайка нагадаў, што ў 2016 годзе была зацверджана і першы год рэалізавана стратэгія развіцця падатковых органаў на 2016-2020 гады. "У ёй неабходна выдзеліць тры асноўныя аспекты: першы - укараненне электронных рахункаў-фактур. Гэта знакавы праект не толькі для падатковай службы, але і ў цэлым для краіны. Другі аспект - развіццё новых форм абслугоўвання, мы ўжо запусцілі пілотны праект - стварылі цэнтр абслугоўвання падаткаплацельшчыкаў у Маскоўскім раёне Мінска. Трэці момант: мы пашыраем бескантактнае ўзаемадзеянне з плацельшчыкамі", - падкрэсліў ён.

Па стане на 1 студзеня, электроннае ўзаемадзеянне з падатковымі органамі ажыццяўляюць больш як 260 тыс. суб'ектаў гаспадарання, або 76,2 працэнта ад агульнай колькасці плацельшчыкаў, якія знаходзяцца на ўліку ў падатковых органах, у тым ліку больш як 115 тыс. арганізацый (94,9 працэнта) і больш за 145 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў (66 працэнтаў). Акрамя таго, ужо амаль 73 тыс. фізічных асоб маюць свае асабістыя кабінеты плацельшчыка.

Як паведамлялася, у асабістым кабінеце плацельшчыкі змогуць атрымліваць актуальную інфармацыю аб сумах налічаных і выплачаных падатковых плацяжоў, аб наяўнасці пераплат, запазычанасцей па падатках перад бюджэтам; атрымліваць і раздрукоўваць паведамленні на выплату падатку на нерухомую маёмасць, зямельнага і падаходнага падатку; аплачваць падатковыя плацяжы праз інтэрнэт-банкінг Беларусбанка, Белгазпрамбанка, Альфа-Банка і Белінвестбанка; запісацца на асабісты прыём у інспекцыю па месцы пастаноўкі на ўлік; атрымліваць розныя ініцыятыўныя паведамленні, растлумачэнні, паведамленні ад падатковых органаў. Спектр электронных паслуг, што прадастаўляюцца праз асабісты кабінет, будзе пастаянна пашырацца.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія