ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Нядзеля, 11 красавіка 2021
Мінск Малавоблачна +10°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 сакавіка 2021, 14:26

Мінлясгас растлумачыў, як фізічным асобам набыць драўніну

Фота з архіва
Фота з архіва

3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства лясной гаспадаркі растлумачыла механізм набыцця фізічнымі асобамі драўніны ў нарыхтаваным выглядзе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінлясгаса.

"Абноўленыя правілы рэалізацыі драўніны ўступілі ў сілу з 1 студзеня 2021 года. Парадак набыцця драўніны ў нарыхтаваным выглядзе для фізічных асоб застаўся ранейшым, аднак у сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзян тлумачым нюансы. Існуюць розныя варыянты набыцця драўніны ў нарыхтаваным выглядзе: на агульных падставах і па льготных умовах (з так званых фондаў аблвыканкамаў)", - адзначылі ў прэс-службе.

Для набыцця на агульных падставах неабходна звярнуцца ў бліжэйшы лясгас або лясніцтва і напісаць заяву з пазначэннем неабходнага аб'ёму драўніны. Пры фактычнай наяўнасці рэсурсу спецыялісты лясгаса прапануюць грамадзяніну прадукцыю па кошце, разлічаным на падставе біржавой каціроўкі за папярэдні квартал, а таксама называюць кошт транспартна-лагістычных паслуг (пры неабходнасці), пасля чаго будзе заключаны грамадзянска-прававы дагавор. "Гэта значыць цана драўніны ў такім выпадку будзе рыначнай", - дадалі ў Мінлясгасе. У выпадку адсутнасці неабходнага рэсурсу ў момант падачы заявы грамадзянін будзе праінфармаваны дадаткова аб магчымых тэрмінах пастаўкі прадукцыі.

Калі размова ідзе пра вялікія аб'ёмы драўніны, лесагаспадарчыя ўстановы пакідаюць за сабой права папрасіць дакументы, якія пацвярджаюць неабходнасць яе выкарыстання ў асабістых, а не камерцыйных мэтах (напрыклад, будаўнічы праект).

Каб набыць драўніну па цэнах арганізацый-нарыхтоўшчыкаў (на льготных умовах), трэба звярнуцца з заявай у мясцовы выканаўчы камітэт. Гэта неабходна зрабіць да 1 чэрвеня 2021 года для фарміравання заяўкі на наступны год. Такі механізм будзе дзейнічаць і ў наступныя гады. Пры неабходнасці атрымання рэсурсу ў гэтым годзе грамадзянін звяртаецца з адпаведнай заявай на працягу года. Затым трэба дачакацца рашэння адпаведнай камісіі райвыканкама. У 2021 годзе заявы будуць разглядацца ў паскораным рэжыме, вынікі разгляду заявак на наступныя гады будуць гатовы прыкладна ў лістападзе-снежні.

Па выніках разгляду заявы грамадзяніну выдаецца дакумент (рашэнне альбо яго копія, паведамленне, распараджэнне), што пацвярджае факт выдзялення драўніны ў нарыхтаваным выглядзе. Абавязкова ў дакуменце павінна быць пазначана прозвішча, імя, імя па бацьку, пашпартныя даныя (серыя і нумар пашпарта), а таксама аб'ём і парода выдзяляемай драўніны. З гэтым дакументам грамадзянін звяртаецца ў лясгас. Лесагаспадарчая ўстанова аператыўна разглядае заяву і выдзяляе драўніну з фонду аблвыканкама.

Непасрэдна па цэнах арганізацый-вытворцаў грамадзянін можа набыць дзелавую драўніну ў нарыхтаваным выглядзе з фонду аблвыканкама для будаўніцтва, у тым ліку рэканструкцыі і рамонту, жылых дамоў, гаспадарчых пабудоў. Пры гэтым фізічная асоба павінна пастаянна пражываць на тэрыторыі сельскай мясцовасці і мець патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі