Поўная версія

Мінадукацыі пракаменціравала сітуацыю з Мінскім інавацыйным універсітэтам

Грамадства 12.11.2019 | 10:00
Фота з архіва
Фота з архіва

12 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Міністэрстве адукацыі растлумачылі сітуацыю з Мінскім інавацыйным універсітэтам (МІУ). Каментарый размешчаны на сайце ведамства, паведамляе БЕЛТА.

Згодна з Кодэксам аб адукацыі ўсе ВНУ не радзей як адзін раз у пяць гадоў павінны пацвярджаць дзяржаўную акрэдытацыю. "У бягучым годзе планавае пацвярджэнне дзяржаўнай акрэдытацыі праводзілася ў Мінскім інавацыйным універсітэце на адпаведнасць заяўленаму віду і па спецыяльнасцях. У выніку былі выяўлены шматлікія парушэнні заканадаўства аб адукацыі", - гаворыцца ў каментарыі ведамства.

Як растлумачылі ў міністэрстве, у заключэнні аб выніках правядзення пацвярджэння акрэдытацыі адзначана, што тэрмін атрымання вышэйшай адукацыі ў завочнай (дыстанцыйнай) форме ў МІУ не адпавядае патрабаванням адукацыйных стандартаў. Таксама выяўлены парушэнні ў арганізацыі навучальнага працэсу і бягучай атэстацыі студэнтаў і слухачоў. Шэраг структурных падраздзяленняў універсітэта не адпавядае ўстаноўленым патрабаванням, колькасць выдадзеных пасведчанняў аб павышэнні кваліфікацыі перавышае колькасць слухачоў, якія засвоілі адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў. Па шэрагу прадметаў адсутнічаюць вучэбныя праграмы. Камісіі не прадастаўлена магчымасць правядзення комплексных кантрольных работ у студэнтаў завочнай (дыстанцыйнай) формы навучання.

У міністэрстве звярнулі ўвагу, што Дэпартаменту кантролю якасці адукацыі было рэкамендавана пацвердзіць акрэдытацыю МІУ на адпаведнасць заяўленаму віду - профільны ўніверсітэт, па дзвюх спецыяльнасцях вышэйшай адукацыі першай ступені і па васьмі - другой. Па пяці спецыяльнасцях першай ступені і трох спецыяльнасцях перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, у дзяржакрэдытацыі рэкамендавалася адмовіць.

Рэктар МІУ з заключэннем аб выніках правядзення пацвярджэння дзяржаўнай акрэдытацыі азнаёмлены 6 лістапада. "Для Мінскага інавацыйнага ўніверсітэта ёсць два шляхі вырашэння сітуацыі, якая ўзнікла. Першы - устараніць усе заўвагі камісіі, адзначаныя ў заключэнні, і звярнуцца з заявай у Дэпартамент кантролю якасці адукацыі для правядзення паўторнай акрэдытацыі. Другі - закрыць спецыяльнасці, якія былі не акрэдытаваны, і паведаміць аб гэтым у Міністэрства адукацыі. Акрамя таго, ва ўніверсітэта ёсць права на апеляцыю", - праінфармавалі ў ведамстве.

У сваю чаргу студэнты ва ўстаноўленым парадку змогуць прадоўжыць навучанне ў іншых ВНУ па вучэбных планах і праграмах МІУ. "У сувязі з гэтым дзеянне кіраўніцтва ВНУ па падбухторванні студэнтаў да забастовак, маніпулявання грамадскім меркаваннем намі разглядаецца як спроба адысці ад вырашэння пытання па сутнасці, якое знаходзіцца ў выключнай кампетэнцыі Мінскага інавацыйнага ўніверсітэта", - падкрэслілі ў Мінадукацыі.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія