ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 7 лютага 2023
Мінск -6°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 лістапада 2022, 19:43

Луцкі: у свеце разгортваецца барацьба вакол нацыянальнай ідэнтычнасці і культуры

25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У свеце разгортваецца барацьба вакол нацыянальнай ідэнтычнасці, культуры і маральнага стану людзей, заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі ў час Беларускіх Калядных чытанняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы з'яўляемся відавочцамі разгортвання бескампраміснай барацьбы вакол ключавога рэсурсу сучаснага грамадства - нацыянальнай ідэнтычнасці, культуры і маральнага стану людзей. Пад пытаннем аказваецца захаванне самога архетыпа народа, яго здольнасць успрымаць, ацэньваць сучаснасць, прагназаваць будучыню, адчуваць і думаць", - адзначыў Ігар Луцкі.

Паводле яго слоў, глабальная інфармацыйная рэвалюцыя, якая робіць адкрытымі граніцы для руху дасягненняў і вынікаў культуры Захаду, яго духоўных каштоўнасцей і ідэалаў, становіцца выклікам незаходнім грамадствам. Відавочным і бясспрэчным з'яўляецца тое, што заходнія каштоўнасці ставяць пад пагрозу існаванне нацыянальных культур, навязваючы ім сваю карціну свету. Традыцыйная культура і нацыянальная свядомасць падвяргаюцца цэнзуры новых стандартаў, у ходзе якой іх асноўныя элементы змяняюцца і аказваюцца пад пагрозай знікнення.

Небяспека інфармацыйнай рэвалюцыі заключаецца і ў тым, што яна абапіраецца на важнейшыя элементы ідэнтыфікацыі чалавека, яго свядомасць, заўважыў Ігар Луцкі. Ставіцца пад сумненне здольнасць будаваць вобраз будучыні, адэкватна прагназаваць, суадносячы магчымыя і жаданыя шляхі развіцця.

Адсюль, паводле яго слоў, становіцца зразумелым імкненне сучаснага чалавека набыць выразныя арыенціры, якія дазвалялі б яму процістаяць каласальнаму інфармацыйнаму націску. У гэтым ён можа абаперціся на сфарміраваную нацыянальную самасвядомасць, атаясамліванне сябе з пэўнай гістарычнай і культурнай традыцыяй.

"Другое, на што неабходна зрабіць акцэнт, - сфера адукацыі. Сёння, калі палітычная дэстабілізацыя дасягаецца з дапамогай інфармацыйна-культурнага ўздзеяння на свядомасць і падсвядомасць чалавека, стан адукацыі становіцца важнейшым фактарам захавання суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы", - адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Бясспрэчнай з'яўляецца ўстаноўка на развіццё сістэмы адукацыі ў рамках нацыянальных культурных традыцый. Размова ідзе аб захаванні навукова-адукацыйнай прасторы краіны, што абапіраецца на сацыякультурную самабытнасць і гістарычныя традыцыі свайго народа. Менавіта такі падыход дазволіў шэрагу краін здзейсніць тое, што называецца эканамічным цудам.

Зрэшты, заўважыў Ігар Луцкі, гэта не супярэчыць неабходнасці прытрымлівацца міжнародных стандартаў і ўлічваць вопыт іншых краін.

Восьмыя Беларускія Калядныя чытанні "Глабальныя выклікі сучаснасці і духоўны выбар чалавека" адкрыліся ў Нацыянальнай бібліятэцы. Чытанні арганізуе Беларуская праваслаўная царква пры падтрымцы міністэрстваў культуры, аховы здароўя, адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, інфармацыі, Нацыянальнай акадэміі навук.

Шэраг мерапрыемстваў запланаваны ў Мінскай духоўнай акадэміі, вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, Сінадальным аддзеле рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі і іншых пляцоўках.

У цэнтры ўвагі праблемы духоўна-маральнага выбару чалавека і ўсяго чалавецтва ва ўмовах глабалізацыі. Форум павінен адказаць на самыя надзённыя пытанні быцця чалавека ў сучасным свеце, раскрыць ролю духоўна-маральных каштоўнасцей, пераемнасці духоўных традыцый у захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці беларускага народа, фарміраванні вобраза будучыні краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі