Поўная версія

Колькасць загінуўшых у ДТЗ на дарогах Беларусі ў 2012 годзе зменшылася на 14 працэнтаў

Грамадства 10.01.2013 | 14:53
10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У 2012 годзе на дарогах Беларусі адбыліся 5146 уліковых ДТЗ, у якіх 1032 чалавекі загінулі, 5527 атрымалі траўмы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва УДАІ МУС Беларусі.

"У параўнанні з 2011 годам адзначаецца зніжэнне агульнай колькасці ДТЗ на 12,7 працэнта, а колькасці загінуўшых - на 14 працэнтаў, раненых - на 12,7 працэнта. Але лічбы дарожнага траўматызму, за кожнай з якіх рэальныя чалавечыя жыцці і лёсы, усё ж застаюцца высокімі", - дадалі ў ДАІ.

Першае месца сярод прычын ДТЗ займаюць памылкі ў выбары бяспечнай скорасці. З-за гэтага адбылося кожнае шостае здарэнне. "Менавіта з-за незахавання вадзіцелямі ўстаноўленага скораснага рэжыму ў 2012 годзе ў рэспубліцы было ўчынена 821 ДТЗ (мінус 21,4 працэнта ў параўнанні з 2011 годам) з пацярпелымі", - адзначылі ў дарожнай міліцыі. У ДАІ падкрэслілі, што не выпадкова ў населеных пунктах і на складаных участках аўтатрас прадугледжваюць абмежаванні максімальнай скорасці руху. Штодзённа супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі складаюць амаль 1 тыс. пратаколаў за перавышэнне скорасных рэжымаў, але гоншчыкаў не становіцца менш.

"На дарогах штогод з'яўляюцца ўсё больш хуткія, магутныя і вельмі камфартабельныя машыны, якія ствараюць памылковае адчуванне бяспекі. Але не трэба паддавацца спакусе: чым вышэйшая скорасць, тым больш сур'ёзныя наступствы", - адзначылі ва УДАІ МУС. Устаноўлена, што для скорасці руху, якая не перавышае 50 км/гадз, пры сутыкненні аўтамабіляў характэрны адносна лёгкія траўмы пасажыраў і вадзецеляў, але ўжо пры скорасці 80 км/гадз пераважаюць траўмы са смяротным канцом. Сутыкненне ж на скорасці 100 км/гадз не дае ніякіх шанцаў выжыць, яно раўназначна падзенню з дванаццатага паверха. "Многія аўтамабілісты штодзень пацвярджаюць гэта цаной уласнага жыцця", - канстатавалі ў ДАІ.

У дарожнай міліцыі звярнулі ўвагу, што скорасць вышэйшая за дазволеную практычна не дае выйгрышу ў часе, затое памнажае перадумовы да ўчынення аварыі. Для атамабіляў, што рухаюцца па дарозе, іх і без таго многа. Але, перавышаючы скорасць, вадзіцель дзейнічае свядома. Такое парушэнне супрацоўнікі ДАІ лічаць грубым. Любіцелям хуткай язды неабходна памятаць, што за перавышэнне ўстаноўленай скорасці руху прадугледжана адміністрацыйная адказнасць і накладаецца спагнанне ў выглядзе штрафу ад 1 да 15 базавых велічынь (адна базавая складае Br100 тыс.) у залежнасці ад таго, наколькі вадзіцель перавысіў. За двухразовае на працягу года перавышэнне скорасці больш чым на 20 км/гадз можна пазбавіцца права кіравання на год.
Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія