Поўная версія

Кітаянка падарожнічае на веласіпедзе па Беларусі

Грамадства 09.10.2018 | 11:31

9 кастрычніка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і Кітаем дае магчымасць грамадзянам дзвюх краін даведацца больш аб жыцці, культуры, прыродзе, традыцыях гэтых дзяржаў, наладжваць дружалюбныя кантакты. Такім меркаваннем 8 кастрычніка ў Гомелі падзялілася з журналістамі турыстка з Харбіна (Кітай) Ван Сяавэй, якая падарожнічае па Беларусі на веласіпедзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Беларусь стала другой пасля Расіі краінай у маршруце 24-гадовай турысткі. У Беларусі дзяўчына пабывала ў Віцебску, Полацку, Мінску, Магілёве, Гомелі. "Беларусы вельмі добразычлівыя, адкрытыя, шчырыя людзі, гатовыя дапамагчы ў розных сітуацыях. Мяне запрашалі на абед, начлег, дапамагалі сарыентавацца ў дарозе. Я заўсёды адчуваю ад беларусаў цяпло. Акрамя таго, уражвае прырода: беларускія лясы - гэта вельмі прыгожа", - падзялілася Ван Сяавэй.

Перад тым як адправіцца за тысячы кіламетраў, дзяўчына склала прыблізны спіс мясцін, якія планавала наведаць. "Я ведаю, што Гомель і Харбін - гарады-пабрацімы, таму нейкія славутасці мне падказалі мае землякі, нешта выбрала сама", - адзначыла госця.

Сваё падарожжа Ван Сяавэй пачала яшчэ ў маі бягучага года. Прызнаецца, што спачатку яе ідэя праехаць на веласіпедзе тысячы кіламетраў засмуціла бацькоў. Да таго ж дзеля гэтага дзяўчыне давялося часова пакінуць работу рэпарцёра на тэлебачанні. Сёння сям'я ўсяляк падтрымлівае дзяўчыну і чакае чарговых фотакартак з пейзажамі, якія трапляюць у аб'ектыў яе мабільнага тэлефона. Кітаянка пераадолела ўжо звыш 12 тыс. км. За суткі яна праязджае ў сярэднім больш за 100 км. Начуе або ў палатцы, або ў дамах мясцовых жыхароў, якія запрашаюць яе ў госці.

Пасля Беларусі веласіпедыстка плануе адправіцца ва Украіну, потым - Турцыю, Іран, краіны Паўднёвай Афрыкі. Гаворыць, што ўся дарога зойме больш за год.

"Сваім падарожжам хачу падтрымаць ідэю аб неабходнасці аховы навакольнага асяроддзя, падтрымкі бяздомных людзей, клопату аб жывёлах. Гэта пытанні, якія актуальны для ўсіх краін", - падкрэсліла турыстка. Вынікам шматмесячнага ваяжу, плануе Ван Сяавэй, стануць кніга, відэафільм і матэрыялы ў кітайскай прэсе. Падарожжа, паводле слоў дзяўчыны, натхніла яе на атрыманне новых ведаў.

Як паведамлялася, пагадненне аб бязвізавым рэжыме паміж Беларуссю і Кітаем уступіла ў сілу з 10 жніўня. Беларусы могуць знаходзіцца ў Кітаі без візы да 30 дзён у адной паездцы, але не больш за 90 дзён у годзе. Такое ж правіла дзейнічае для кітайскіх грамадзян. Калі чалавек захоча застацца ў краіне больш за 30 дзён або заняцца вучэбнай, прафесійнай дзейнасцю, трэба будзе атрымліваць спецыяльную візу. У бязвізавы рэжым закладзены прыватныя паездкі, бізнес-камандзіроўкі, турыстычныя паездкі. Міжурадавае пагадненне аб узаемным бязвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў было заключана 10 чэрвеня ў Цындаа ў час рабочага візіту Прэзідэнта Беларусі ў КНР. З падпісаннем дакумента Беларусь апынулася ў ліку нямногіх краін Еўропы, у якіх устаноўлены бязвізавы рэжым з Кітаем.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія