ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 25 ліпеня 2021
Мінск Ясна +14°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 чэрвеня 2021, 13:58

Качанава сустрэлася са студэнтамі медыцынскіх ВНУ

18 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася са студэнтамі медыцынскіх ВНУ напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На нашай сустрэчы прысутнічаюць маладыя людзі з усіх медыцынскіх ВНУ краіны, якія атрымліваюць цудоўную прафесію. І наогул, мне здаецца, што гэта нават не прафесія і не спецыяльнасць - гэта прызванне, лад жыцця. Паколькі, па-першае, трэба бязмерна любіць людзей. Па-другое, трэба разумець, што, выбраўшы прафесію ўрача, ты вызначыў яе галоўнай у жыцці. Калі ты як урач любіш людзей, то лічы, што твая прафесія адбылася. Я заўсёды кажу - можна вылечыць часам і словам. Калі ўрач павёў сябе разважліва, натхніў пацыента, то гэта вялікі залог поспеху ў яго лячэнні. Акрамя таго, урач павінен вучыцца на працягу ўсяго жыцця", - сказала Наталля Качанава.

Спікер адзначыла, што здароўе грамадзян у нашай краіне заўсёды ў прыярытэце. "І, вядома, дзякуючы нашым урачам у нас сёння створана такая добрая сістэма аховы здароўя. Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база. Выбудавана дакладная структура, пачынаючы ад сельскіх ФАПаў і заканчваючы рэспубліканскімі навукова-практычнымі цэнтрамі, якіх у нас 17 у краіне. Беларусь захавала інфекцыйныя бальніцы, санэпідслужбы, якіх у некаторых краінах проста няма, - гэта яшчэ адзін доказ таго, што мы на правільным шляху, - расказала яна. - У Беларусі ў сістэму аховы здароўя накіроўваюцца значныя сродкі. У нас сацыяльна арыентаваная дзяржава і такая палітыка краінай праводзілася заўсёды, дзе галоўнае - гэта чалавек, клопат аб ім. І тыя падыходы, якія ёсць пры фарміраванні дзяржаўных праграм, чатыры нацыянальныя праграмы дэмаграфічнай бяспекі, што былі прыняты, - гэта дае свае вынікі, павялічваецца працягласць жыцця".

Наталля Качанава павіншавала студэнтаў з надыходзячым прафесійным святам. "На працягу ўсяго гэтага тыдня мы сустракаемся з медыцынскімі работнікамі, якія працуюць у сістэме аховы здароўя краіны. Дзякуем ім за работу, таму што для любога чалавека яго здароўе, родных і блізкіх - гэта самае важнае. Хацелася б пажадаць, каб ваш выбар супаў з тым, чым вы будзеце займацца на працягу ўсяго свайго жыцця. Таму што гэта вельмі важна - зрабіць усвядомлены выбар будучай прафесіі, - падкрэсліла яна. - Я хачу пажадаць вам шчасця, здароўя, любові, каб усе вашы мары спраўдзіліся, вы знайшлі сябе ў гэтай прафесіі і рэалізаваліся, выконваючы тую функцыю, якая будзе ўскладзена на вас. А гэта захаванне жыцця і здароўя нашых грамадзян. Урачы суправаджаюць нас на працягу ўсяго жыцця. Вы даяце жыццё. Таму ўдачы і поспехаў вам у гэтай рабоце. І яшчэ я вельмі хацела б вам пажадаць, каб вы рэалізавалі сябе ў сваёй краіне. І каб вы зрабілі ўсё для таго, каб наша краіна была такой жа прыгожай, светлай, чыстай, спакойнай, паспяховай. І гэта шмат у чым залежыць ад вас, таму што вы тыя, хто ідзе за намі".

Сённяшняе мерапрыемства ініцыявана Пастаяннай камісіяй па ахове здароўя, спорце і турызме Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе. Традыцыйна сустрэча прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу.

"Гэта вельмі важнае мерапрыемства, паколькі мы прадаўжаем яшчэ весці барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй і студэнты-медыкі ў тым ліку вельмі актыўна ўключыліся ў барацьбу з гэтым сур'ёзным выклікам для ўсяго свету. У студэнтаў была магчымасць задаць хвалюючыя іх пытанні наконт арганізацыі работы ўстаноў аховы здароўя ў перыяд пандэміі, размеркавання, рэзідэнтуры, прафарыентацыі. Я лічу, што такі кантакт са спікерам Савета Рэспублікі - магчымасць атрымаць дакладныя і канструктыўныя адказы на ўсе хвалюючыя пытанні", - сказаў старшыня Пастаяннай камісіі Уладзіслаў Волчак.

Студэнтка 4-га курса Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Дар'я Флейтух з дзяцінства марыла стаць доктарам. "Я свядома вырашыла, што мне трэба ісці ў медыцыну. Заўсёды хацелася дапамагаць людзям. Я буду неанатолагам, - падзялілася дзяўчына. - Сёння нам вельмі прыемна тут знаходзіцца. Спадзяюся, што гэта не апошняя сустрэча. Бо гэта новыя магчымасці для раскрыцця свайго патэнцыялу. Напрыклад, у нас у ВНУ адкрылася пярвічная арганізацыя Беларускага саюза жанчын. Я падтрымліваю маладзёжнае жаночае супольніцтва, мы агучваем свае ідэі, прапановы. І парламент - гэта выдатная магчымасць праявіць сябе, паказаць вынікі сваёй работы".

Студэнт 4-га курса стаматалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Яўген Маханькоў прадаўжае медыцынскую дынастыю. "Яшчэ з ранняга дзяцінства галоўным прыкладам для мяне была мама. Яна працуе ўрачом-неўролагам, загадчыца неўралагічнага аддзялення ў дзіцячай бальніцы. Паступіць у медыцынскі ўніверсітэт было мэтай усяго майго школьнага жыцця. І я спраўдзіў сваю мару і не шкадую аб зробленым выбары", - дадаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі