Поўная версія

Беларусы сталі есці больш мяса і фруктаў

Грамадства 16.10.2014 | 13:06
16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусы сталі есці больш мяса і менш малочных прадуктаў. Гэта вынікае з інфармацыйнага паведамлення на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта, прымеркаванага да Сусветнага дня харчавання, які адзначаецца 16 кастрычніка, паведамляе БЕЛТА.

Апошнія гады ў Беларусі змянілася спажыванне насельніцтвам асобных прадуктаў харчавання. Паводле даных за 2013 год, спажыванне на душу насельніцтва агароднінна-бахчавых культур у параўнанні з 2005 годам павялічылася на 18 кг і склала 146 кг. Спажыванне мяса і мясапрадуктаў (у пераліку на мяса) за аналагічны перыяд часу ўзрасло на 29 кг да 91 кг, яек - на 45 штук да 304 штук. Таксама беларусы сталі есці больш фруктаў і ягад - на 22 кг да 69 кг. Традыцыйна высокім застаецца спажыванне бульбы, якая ў 2013 годзе склала 179 кг на душу насельніцтва. Разам з тым спажыванне малака і малакапрадуктаў (у пераліку на малако) зменшылася на 2 кг і склала 260 кг.

Спажыўцы па-ранейшаму аддаюць перавагу харчовым таварам айчыннай вытворчасці. Сярод рэалізаваных у магазінах харчовых тавараў айчынныя тавары складаюць 82,3 працэнта.

Як адзначылі ў Нацстаце, Беларусь лідзіруе сярод краін СНД па вытворчасці на душу насельніцтва бульбы (у 2013 годзе - 625 кг), мяса (124 кг), малака (701 кг), яек (418 шт.) Па сярэднедушавой вытворчасці збожжа (803 кг) Беларусь на трэцім месцы пасля Казахстана (1 070 кг) і Украіны (1 388 кг). На аднаго жыхара рэспублікі ў 2013 годзе выраблялася мяса ў два разы больш, чым у Расіі, Казахстане і Украіне. Па вытворчасці малака на душу насельніцтва Беларусь апярэджвае Казахстан, Украіну, Кыргызстан у 2,5-3 разы, Расію і Арменію - больш як у 3 разы, Малдову - амаль у 5 разоў.

Беларусь з'яўляецца не толькі вытворцам, але і экспарцёрам прадуктаў харчавання. У агульным аб'ёме экспарту тавараў пастаўкі прадуктаў харчавання складаюць 11,8 працэнта. У студзені-жніўні бягучага года харчовых тавараў экспартавана на $2 963,3 млн, што на 1,9 працэнта менш, чым у студзені-жніўні 2013 года. Аб'ём экспарту прадуктаў харчавання за восем месяцаў у 1,5 раза перавысіў аб'ём імпарту.

У студзені-жніўні 91,2 працэнта экспарту харчовых тавараў прыпадала на Расійскую Федэрацыю, 3 працэнты - на Казахстан, 1,3 працэнта - на Украіну. За гэты перыяд пастаўлена за мяжу 475,7 тыс. т малака і малочнай прадукцыі на $1 203,6 млн, 176,8 тыс. т мяса і мясных субпрадуктаў на $603,5 млн, 286,5 тыс. т цукру на $188 млн, 32,3 тыс. т каўбас і аналагічных прадуктаў з мяса на $122,6 млн, 10 тыс. т гатовых ці кансерваваных прадуктаў з мяса на $52,3 млн.

Аснову імпарту харчовых тавараў складаюць тавары, якія не вырабляюцца ў Беларусі або вырабляюцца ў недастатковым аб'ёме. Сярод іх марожаная рыба і рыбнае філе, алей, шакалад і іншыя гатовыя прадукты харчавання, якія змяшчаюць какава, цытрусавыя і іншыя фрукты.
Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія