Поўная версія

Беларускіх жанчын запрашаюць адказаць на пытанні аб здароўі анлайн

Грамадства 11.11.2019 | 13:10
Фота з архіва
Фота з архіва

11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сацыялагічнае даследаванне, якое датычыцца інфармаванасці жанчын па пытаннях здароўя, стартавала ў Беларусі пры інфармацыйнай падтрымцы ПРААН, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

Ананімнае анлайн-апытанне могуць прайсці жанчыны ва ўзросце ад 25 да 60 гадоў, якія пражываюць у вялікіх гарадах і невялікіх населеных пунктах краіны.

Кожны рэспандэнт атрымае кваліфікаваны адказ на любое пытанне аб здароўі, якое яго цікавіць. Адказ, падрыхтаваны профільным спецыялістам, вышлюць на адрас электроннай пошты, які пакіне ўдзельнік даследавання.

Паводле даных Белстата, 78 працэнтаў беларусаў адной з галоўных жыццёвых каштоўнасцей называюць здароўе. Пры гэтым медыкі канстатуюць, што рэальны клопат аб сваім здароўі для большасці беларускіх жанчын не ў ліку прыярытэтаў. Гэта датычыцца і здаровага ладу жыцця, і рэкамендуемых Міністэрствам аховы здароўя рэгулярных прафілактычных аглядаў у мамолага, гінеколага і іншых спецыялістаў.

Даследаванне "Актуальныя пытанні жаночага здароўя" дапаможа нагадаць жанчынам аб неабходнасці клапаціцца пра сябе. Яно датычыцца такіх напрамкаў, як гінекалогія, эндакрыналогія, кардыялогія, анкалогія, эстэтычная медыцына, псіхатэрапія. Галоўная тэма апытання - выявіць, пра якія менавіта аспекты, што датычацца здароўя, рэспандэнты менш інфармаваны. Звесткі, атрыманыя па выніках даследавання, дапамогуць медыкам палепшыць сітуацыю ў гэтым плане.

Апытанне праводзіцца анлайн па 25 лістапада.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія