Поўная версія

Беларусь займае другое месца ў свеце пасля Расіі па колькасці разводаў

Грамадства 11.06.2013 | 15:26
11 чэрвеня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Расія і Беларусь лідзіруюць у свеце па ўзроўню разводаў сярод насельніцтва (колькасць разводаў на 1000 жыхароў). Аб гэтым паведаміла доктар геаграфічных навук БДУ прафесар Кацярына Анціпава на прэзентацыі даследавання "Аналіз тэндэнцый шлюбаў і разводаў насельніцтва Рэспублікі Беларусь з 1946 па 2010 год", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Свайго піка (4,71 праміле) агульны каэфіцыент разводаў у Беларусі дасягнуў у 1999 годзе, потым адбылося яго скарачэнне ў 1,6 раза. "Аднак цяпер гэты паказчык застаецца вельмі высокім на фоне краін Еўропы і свету. Ён сігналізуе аб нездавальняючым стане інстытута сям'і ў краіне", - сказала Кацярына Анціпава.

У краінах Еўрасаюза колькасць разводаў таксама расце. Калі ў 1970 годзе на 1000 жыхароў прыпадаў 1 развод, то цяпер - ужо 2. Найбольш высокі ўзровень разводаў дэманструюць Бельгія (3), Літва (3), Чэшская Рэспубліка (2,9), Швейцарыя (2,8). Найменшай колькасцю разводаў характарызуецца Ірландыя (0,7), Чарнагорыя і Македонія (па 0,8), а таксама Італія (0,9). Паводле даных міжнароднай статыстыкі, Беларусь займае адно з лідзіруючых месц у рэйтынгу разводаў (4,1 праміле ў 2011 годзе, другое месца ў свеце). У Расіі паказчык яшчэ вышэйшы - 4,7 праміле. Дарэчы, ва Украіне ўзровень разводаў складае 2,7 праміле, у Швецыі і Фінляндыі - 2,5, у Нарвегіі - 2,1, у Польшчы - 1,7, у Балгарыі - 1,4.

Паводле слоў аўтара даследавання, разводы - прамая пагроза дэмаграфічнай бяспецы і, такім чынам, сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны. Колькасць разводаў на тысячу жыхароў Беларусі з 1970 года вырасла ў 2 разы (у 1970-м - 17 тыс. 60, - у 2010-м - 36 тыс. 655). Сітуацыя характарызуецца як надзвычай праблемная: у сярэднім на двух мужчын і дзвюх жанчын прыпадае больш як па 1 разводу, гэта значыць адзін з двух шлюбаў абодвух палоў распадаецца.

Сярэдняя працягласць першага шлюбу пры яго скасаванні за перыяд 1980-2010 гадоў склала 10,43 года, паўторнага - 8,93 года. Гэты паказчык у Беларусі мае больш нізкія значэнні, чым у шэрагу дзяржаў Еўропы, і блізкі да паказчыкаў Расіі.

Аналіз узроставых каэфіцыентаў разводаў паказаў, што найбольшая колькасць разводаў у рэспубліцы прыпадае на дзве ўзроставыя групы - 25-29 гадоў і 30-34 гады.

За 1980-2010 гады ў большай ступені павялічылася колькасць разводаў, якiя прыпадаюць на адносна маладыя шлюбы - працягласцю 1, 2, 3 і 4 гады, падкрэсліла эксперт. Доля паўторных разводаў у 1970 годзе складала 8 працэнтаў, за 1970-2010 гады яна павялічылася практычна ў два разы, дасягнуўшы ў 2010 годзе 15 працэнтаў.

У параўнанні з 1970 годам паміж гарадской і сельскай мясцовасцю значна павялічыўся разрыў па агульнай колькасці разводаў, які дасягнуў шасцікратных значэнняў - 31,6 тыс. і 5 тыс. Гэта тлумачыцца не столькі адрозненнямі ў ментальных устаноўках гарадскіх і сельскіх жыхароў, колькі рэзкім скарачэннем рэпрадуктыўнага кантынгенту і дэмаграфічным старэннем вёскі.

За 1988-2010 гады адбыліся змены ў структуры разводаў па колькасці агульных дзяцей. На разводы ў сем'ях без дзяцей сярод усяго насельніцтва ў Беларусі прыпадае 36 працэнтаў, з адным дзіцем - 45 працэнтаў, з двума і больш дзецьмі - 19 працэнтаў. Асноўнай тэндэнцыяй дынамікі колькасці дзяцей, якiя прыпадаюць на адзін развод, з'яўляецца скарачэнне - з 0,9 у 1990 годзе да 0,7 у 2010-м. Адбываецца таксама скарачэнне колькасці разводаў у сем'ях з двума дзецьмі і больш, а таксама павелічэнне колькасці разводаў у сем'ях без дзяцей.
Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія