Поўная версія

Беларусь і Сербія ў 2020-2021 гадах выканаюць 10 сумесных навукова-тэхнічных праектаў

Грамадства 02.12.2019 | 14:25
Аляксандр Шумілін. Фота з архіва
Аляксандр Шумілін. Фота з архіва

2 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія і сербскія вучоныя выканаюць 10 сумесных навукова-тэхнічных праектаў у 2020-2021 гадах, а таксама актывізуюць сумесны ўдзел у рамачнай праграме Еўрапейскага саюза па навуцы і інавацыях "Гарызонт 2020". Аб гэтым расказаў сёння на пасяджэнні беларуска-сербскай камісіі па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр Шумілін, паведамілі БЕЛТА ў ДКНТ.

Паводле яго слоў, новыя сумесныя навукова-тэхнічныя праекты плануецца рэалізаваць у галіне сельскай гаспадаркі і харчавання, біятэхналогій, нанаматэрыялаў, лазерных і хімічных тэхналогій. "Патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах далёка не вычарпаны, і нам трэба ставіць перад сабой новыя стратэгічныя мэты. У прыватнасці, узаемадзеянне ў галіне высокіх тэхналогій, у тым ліку ў сферы ІКТ, фармацыі, оптыкі, біяарганічнай хіміі", - сказаў Аляксандр Шумілін.

Па выніках візіту беларускай дэлегацыі ў Бялград плануецца падпісаць выканаўчую праграму навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва на 2020-2021 гады паміж Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях і Міністэрствам адукацыі, навукі і тэхналагічнага развіцця Сербіі, а таксама мемарандум аб узаемаразуменні пры супрацоўніцтве ў галіне інавацый і развіцця лічбавых тэхналогій паміж ДКНТ і кабінетам міністра без партфеля, адказнага за інавацыі і тэхналагічнае развіццё ва ўрадзе Сербіі.

У 2019 годзе беларускія і сербскія вучоныя выконвалі 10 навукова-тэхнічных праектаў, з іх 5 праектаў - па фізіка-матэматычных навуках, 2 праекты - па хімічных навуках і навуках аб Зямлі і 3 праекты - па аграрна-біялагічных навуках. З беларускага боку выканаўцамі сямі праектаў з'яўляюцца арганізацыі НАН Беларусі, трох праектаў - арганізацыі Міністэрства адукацыі.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія