Поўная версія

Беларусь і ААЭ маюць намер больш актыўна рэалізоўваць гуманітарныя праекты

Грамадства 11.10.2019 | 18:54
Фота з архіва
Фота з архіва

11 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь і ААЭ маюць намер больш актыўна рэалізоўваць сумесныя гуманітарныя праекты. Аб гэтым ішла размова сёння на сустрэчы першага намесніка кіраўніка спраў Прэзідэнта Беларусі Мікалая Селіванава з Хамадам Аль-Амеры, які з'яўляецца генеральным дырэктарам Дабрачыннага і гуманітарнага фонду імя шэйха Заіда бен Султана аль-Нахаяна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Візіт у Беларусь эмірацкага госця праходзіць у рамках дамоўленасцей, дасягнутых у тым ліку на перагаворах у верасні ў Мінску Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з наследным прынцам Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам.

Як адзначыў Мікалай Селіванаў, Беларусь адкрыта для міжнароднага супрацоўніцтва, у тым ліку ў гуманітарнай сферы. Развіццё кантактаў у гэтым напрамку ў Кіраўніцтве справамі ажыццяўляе Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці. У ліку прыярытэтных тэм у рабоце дэпартамента - аздараўленне і лячэнне дзяцей з тэрыторый, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Гэта работа праводзіцца і ў беларускіх аздараўленчых установах, адна з якіх належыць Кіраўніцтву справамі.

Бакі абмеркавалі магчымасці ажыццяўлення гуманітарных праграм і праектаў, напрыклад звязаных з аздараўленнем дзяцей, а таксама ў сферы аховы здароўя.

Дабрачынны і гуманітарны фонд быў створаны ў 1992 годзе шэйхам Заідам бен Султанам аль-Нахаянам. Установа супрацоўнічае больш як са 160 краінамі свету па розных напрамках. За час сваёй дзейнасці фонд накіраваў звыш $1 млрд на рэалізацыю гуманітарных праектаў за мяжой і столькі ж у ААЭ. Асаблівая ўвага ўдзяляецца праектам у сферах аховы здароўя і адукацыі.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія