Поўная версія

Адзіную сістэму ўліку рэсурсаў ЖКГ распрацоўваюць у Беларусі

Грамадства 03.10.2019 | 12:49
Фота з архіва
Фота з архіва

3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адзіную цэнтралізаваную сістэму ўліку рэсурсаў ЖКГ распрацоўваюць у Беларусі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам дырэктар Інстытута жыллёва-камунальнай гаспадаркі Вадзім Кіцікаў перад пачаткам міжнароднай канферэнцыі "Навукова-тэхнічны прагрэс у жыллёва-камунальнай гаспадарцы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Работа над сістэмай мае міжведамасны характар. Зачыны ёсць у Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, "Белтэлекама" і іншых кампаній. Сярод удзельнікаў гэтага працэсу - Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, НАН Беларусі. "У нас ёсць канкрэтны сегмент работы ў гэтай комплекснай задачы. Мы будзем па сутнасці ствараць электронную ЖКГ. У кожнага спажыўца жыллёва-камунальных паслуг павінен быць свой асабісты кабінет, яму павінна быць зручна працаваць з прадпрыемствамі, якія пастаўляюць энергетычныя рэсурсы, прадастаўляюць паслугі", - сказаў Вадзім Кіцікаў.

Плануецца, што сістэма дасць магчымасць пазбегнуць лішніх працазатрат з боку абслуговых арганізацый, адысці ад малакваліфікаванай працы ў такіх пытаннях, як зняцце паказанняў прыбораў уліку рэсурсаў ЖКГ і разліку плацяжоў. Спажыўцам таксама не давядзецца здымаць паказанні лічыльніка. "Сёння ўжо ёсць усе магчымасці для таго, каб рэалізаваць бескантактную перадачу даных з прыбораў уліку, сумясціўшы гэта з разлікамі. Працуе сістэма АРІП, яна зарэкамендавала сябе. Але спатрэбяцца намаганні ўсіх зацікаўленых арганізацый, каб спажыўцам было зручна працаваць з сістэмай", - адзначыў дырэктар інстытута.

Мяркуецца, што сістэма будзе ўяўляць сабой уніфікаваны канал перадачы даных з максімальным задзейнічаннем інфакамунікацыйнай інфраструктуры оптавалаконных ліній аператараў электрасувязі. Даныя будуць паступаць з прыбораў уліку расходу вады, электраэнергіі, газу, цяпла ў цэнтр уліку камунальных рэсурсаў. Інфармацыяй з цэнтра змогуць карыстацца дыспетчарская і бухгалтэрыя ЖКГ, разлікова-даведачны цэнтр, спажыўцы і пастаўшчыкі паслуг, органы дзяржкіравання. "Першы этап ужо ў працэсе рэалізацыі, гэту работу ўзначальвае Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Думаю, вынікі ўбачым ужо ў наступным годзе", - дадаў Вадзім Кіцікаў.

Дырэктар інстытута звярнуў увагу, што сістэма дасць магчымасць скараціць затраты, а значыць, і знізіць сабекошт аказання жыллёва-камунальных паслуг. "Наша канчатковая мэта - каб тарыфы на ЖКП зніжаліся не за кошт субсідзіравання, а за кошт такіх арганізацыйна-эканамічных і інавацыйных рашэнняў", - падкрэсліў ён.

I Міжнародная канферэнцыя "Навукова-тэхнічны прагрэс у жыллёва-камунальнай гаспадарцы" праходзіць 3-4 кастрычніка ў Мінску. Яе мэта - абмеркаванне новых тэндэнцый і перспектыўных тэхналогій, а таксама тэхналагічнага абсталявання па асноўных напрамках галіны ЖКГ, фарміраванне адзінай платформы для развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу ў галіне. Сярод пытанняў, якія разглядаюцца на секцыях і круглых сталах форуму, - водазабеспячэнне і водаадвядзенне, цепла- і энергазабеспячэнне, экалогія гарадскога камунальнага асяроддзя, комплексныя праблемы лічбавізацыі працэсаў ЖКГ, актуальныя эканамічныя і тэхналагічныя пытанні. Арганізавана таксама выстаўка распрацовак для сістэмы ЖКГ.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Зубры ў Белавежскай пушчы. Фота з архіва Белавежская пушча ўвайшла ў топ мясцін для падарожжаў у 2020 годзе ад National Geographic
Учора 19:55
Каштоўнасць жыцця павінна быць прыярытэтам і наймальнікаў, і работнікаў - дзяржінспекцыя працы
Учора 17:56
КДК арганізаваў гарачыя лініі па пытаннях бяспечнага знаходжання дзяцей у школах
Учора 15:01
Фота з архіва Прэс-канферэнцыя аб заканадаўстве ў сферы будаўнічай дзейнасці пройдзе ў БЕЛТА 21 лістапада
Учора 13:35
Нацкамісія па правах дзіцяці будзе практыкаваць выезды на месцы для вырашэння праблемных пытанняў
Учора 13:20
Моцны вецер і мінусавая тэмпература чакаюцца ў Беларусі ў бліжэйшыя дні
Учора 13:12
СК Беларусі і American Express будуць абменьвацца данымі аб кіберзлачынствах
Учора 12:49
Імёны амаль 620 чалавек знаходзяцца ў банку даных таленавітай моладзі Беларусі
Учора 10:01
Марзалюк аб сюжэце "Еўраньюс": няправільна выкарыстоўваць эпатажныя, беспадстаўныя заявы
19 Лістапад, 16:59
Поўная версія