Поўная версія

Абласныя навагоднія балі для моладзі пройдуць у час акцыі "Нашы дзеці"

Грамадства 23.10.2019 | 16:11
Фота з архіва
Фота з архіва

23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падрыхтоўку дабрачынных навагодніх свят для дзяцей абмеркавалі ва ўрадзе на пасяджэнні аргкамітэта пад старшынствам намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Ігара Петрышэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" пройдзе з 9 снежня 2019 года па 10 студзеня 2020 года. Як адзначыў Ігар Петрышэнка, святочныя мерапрыемствы для дзяцей адбудуцца ва ўсіх рэгіёнах краіны, у кожным населеным пункце. У гэтыя дні кожнае дзіця павінна адчуць клопат і ўвагу і, вядома ж, атрымаць падарунак, падкрэсліў віцэ-прэм'ер. "Асаблівая ўвага павінна быць удзелена дзецям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі", - дадаў ён.

Традыцыйна ў Палацы Рэспублікі пройдзе дабрачыннае навагодняе свята для дзяцей з удзелам кіраўніка дзяржавы. На галоўную ёлку краіны будуць запрошаны больш за 2,3 тыс. дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў з розных рэгіёнаў краіны. Запланавана таксама навагодняя сустрэча кіраўніка дзяржавы з моладдзю ў Палацы Незалежнасці.

Ігар Петрышэнка звярнуў увагу, што ў бягучым годзе пройдуць і абласныя навагоднія балі для моладзі. Фармат іх правядзення ўжо ўзгоднены Мінадукацыі і Мінкультуры з аблвыканкамамі і Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам.

У час сённяшняга пасяджэння былі разгледжаны прапановы па падарунках для ўдзельнікаў навагодніх мерапрыемстваў, а таксама агучаны ключавыя патрабаванні па дастаўцы і арганізацыі знаходжання іншагародніх дзяцей. Як падкрэсліў віцэ-прэм'ер, асаблівая ўвага павінна быць удзелена пытанням іх бяспекі. Што ж датычыцца саміх мерапрыемстваў, то яны, нагадаў Ігар Петрышэнка, павінны быць цікавыя і запамінальныя.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія