Поўная версія

"Ніхто нікога не нахіліць" - Лукашэнка назваў прыцягнутымі за вушы размовы аб аб'яднанні з Расіяй

Прэзідэнт 10.01.2019 | 14:06
У час нарады
У час нарады

10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Размовы аб аб'яднанні Беларусі з Расіяй неразумныя і прыцягнутыя за вушы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе аб сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ў 2019 годзе і падыходах да далейшага развіцця інтэграцыйных напрамкаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вельмі шмат сёння (я аналізую сітуацыю ў нашым грамадстве, ды і ў расіян) ідзе размоў аб аб'яднанні дзвюх дзяржаў. Шмат цяпер з'явілася пытанняў у сувязі з царквой ва Украіне аб аўтакефаліі нашай царквы ў Беларусі. Я называю гэтыя пытанні вельмі неразумнымі, прыцягнутымі за вушы для абмеркавання ў нашым грамадстве", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што размовы аб аб'яднанні дзвюх дзяржаў быць не можа. "Мы з Прэзідэнтам Расіі адназначна вызначылі, што сёння на парадку дня такога пытання няма - аб аб'яднанні", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь і Расія ў свой час падпісалі дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і развівалі свае адносіны, строга прытрымліваючыся гэтага дакумента. "Мы павінны былі ў свой час прыняць Канстытуцыйны акт, гэта значыць Канстытуцыю Саюзнай дзяржавы, і там усё павінна было быць прапісана: і органы кіравання, і органы ўлады, і адзіная валюта, палітыка. Расія адмовілася ў свой час ісці гэтым шляхам. Я гэта нагадаў Прэзідэнту Расіі, ён сказаў: "Так і было". Паўстае пытанне: што будзем рабіць з саюзным дагаворам? Трэба садзіцца за стол і глядзець, што мы разам можам сёння згодна з дагаворам вырашыць, на што мы можам без усялякага націску пайсці", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што саюз Беларусі і Расіі можа развівацца толькі на раўнапраўнай аснове. "І гэта не таму што Лукашэнка так хоча, як гэта падаецца ў Расіі. А таму што гэта фундаментальныя прынцыпы пабудовы любога саюза. Няма раўнапраўнай асновы - няма саюза, - сказаў беларускі лідар. - Усё павінна адбывацца на раўнапраўнай аснове, і на гэта павінна быць воля двух народаў - Расійскай Федэрацыі і Беларусі. Мы ўвесь час, фарміруючы гэты саюз, павінны азірацца на меркаванне нашых людзей. Таму па многіх-многіх прычынах, вы самі разумееце, аб аб'яднанні дзвюх дзяржаў размовы не ідзе".

На гэты крок, перакананы Аляксандр Лукашэнка, не можа пайсці і сама Расія. Гэта кіраўніку беларускай дзяржавы падцвердзіў расійскі Прэзідэнт Уладзімір Пуцін. "Няма такой магчымасці ў Расіі, улічваючы наступствы ўсяго, на гэта пайсці. Таму трэба супакоіцца і спыніць гэтыя размовы, што нехта некага нахіліў або нахіляе. Тут ніхто нікога не нахіліць", - адзначыў беларускі лідар.

Закранаючы эканамічнае супрацоўніцтва з Расіяй, Прэзідэнт канстатаваў, што практычна ўсе праблемы ў адносінах паміж краінамі вырашаны ў больш ці менш прымальным варыянце. "Ёсць невялікія пытанні, пра якія мы расіянам заўсёды гаварылі: гэта пастаўкі нашай сельскагаспадарчай, харчовай і іншай прадукцыі на рынкі Расійскай Федэрацыі. Але яны не маюць крытычнага характару. Мы з Прэзідэнтам Расіі дамовіліся, што гэтыя ганебныя пытанні трэба знімаць, каб яны больш ніколі не стаялі на парадку дня нашых перагавораў на вышэйшым узроўні", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пэўныя праблемы застаюцца і ў сферы аўтаперавозак. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускі бок пастаўлены ў горшыя ўмовы, чым, напрыклад, Польшча і Літва. "Шмат крыку, гвалту наконт палітыкі гэтых дзяржаў адносна Расіі, шмат размоў аб Саюзнай дзяржаве, ЕАЭС, а элементарныя пытанні не вырашаюцца. Мы з Прэзідэнтам Расіі назвалі іх выключна як пытанні, нявартыя абмеркавання прэзідэнтаў, ганебныя пытанні ў адносінах Беларусі і Расіі. Іх, вядома, трэба вырашаць, і вырашыць іх можна элементарна", - лічыць ён.-0-

Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Фота з архіва Лукашэнка зробіць рабочы візіт у Кітай для ўдзелу ў форуме "Пояс і шлях"
09:03
Працоўныя пенсіі ў Беларусі з 1 мая вырастуць на 6,5 працэнта
Учора 16:40
Лукашэнка ўручыў дзяржузнагароды спартсменам і трэнерам па цяжкай атлетыцы
Учора 11:06
Лукашэнка павіншаваў нацыянальную каманду па скачках на батуце з паспяховым выступленнем на дамашнім этапе Кубка свету
22 Красавік, 19:29
Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі бягучыя моманты двухбаковых адносін
22 Красавік, 17:56
"Трэба аддаць даніну павагі тым, хто там ляжыць" - Лукашэнка выказаўся аб Курапатах
22 Красавік, 11:48
Уладзімір Зяленскі. Фота Укрінфарм Лукашэнка павіншаваў Зяленскага з выбраннем на пасаду Прэзідэнта Украіны
22 Красавік, 09:36
Лукашэнка: падзеі ваенных гадоў на "Лініі Сталіна" вучаць заўсёды быць гатовымі да адбіцця агрэсіі
22 Красавік, 09:26
Лукашэнка заклікаў асобных расійскіх палітыкаў не пакутаваць наконт яго заяў аб суверэнітэце
22 Красавік, 09:18
Поўная версія