Поўная версія

"Нам ніхто не забароніць глядзець у розныя бакі" - Лукашэнка пацвярджае курс на шматвектарнасць

Прэзідэнт 06.09.2019 | 16:30
Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

6 верасня, Брэст /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвярджае курс на шматвектарнасць у развіцці супрацоўніцтва краіны з замежнымі партнёрамі. Аб гэтым ён заявіў сёння, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.

"Я заўсёды і ўсюды, і мяне ў гэтым цяжка папракнуць, гаварыў і гавару, што мы прытрымліваемся ў знешняй палітыцы шматвектарнасці. Не я ж пасяліў беларусаў на гэтым кавалачку зямлі. Гасподзь нас тут пасяліў. Куды нам дзявяцца? Нас нідзе не чакаюць. Іншай зямлі нам ніхто не дасць. У рабы мы не пойдзем (мы пахадзілі ўжо, як я гавару, пад бізуном). Гэта наш кавалак зямлі. І ён у цэнтры Еўропы, на скрыжаванні ўсіх шляхоў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, зразумела, што за гэты кавалак зямлі сёння часам ідзе нябачная барацьба. "Усе хочуць уплываць. Але мой характар і мяне вы ўжо даўно ведаеце. Я не прымаю, калі пачынаюць празмерна ўплываць на шкоду нашаму народу. Гэта недапушчальна. Вось гэта галоўнае - шматвектарная палітыка. Мы павінны глядзець і на Усход, і на Захад. Дарэчы, Расіі нас няма чым папракнуць. У іх нават арол двухгаловы - ён і туды, і туды глядзіць. І нам ніхто не забароніць глядзець у розныя бакі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў транзітнае значэнне Беларусі і той факт, што для Расіі яна, можна сказаць, адзіная добрасуседская краіна, праз якую ажыццяўляюцца кантакты з краінамі Захаду. Акрамя таго, Беларусь знаходзіцца на гандлёвым шляху паміж Кітаем і Заходняй Еўропай. "Павялічыўся грузапаток па чыгунцы, аўтадарогах, і перш за ўсё за кошт КНР. Для нас добра. Яны вязуць туды тавар, кантэйнеры адтуль вяртаюцца, мы грузім свой тавар. І так дыверсіфікуем рынкі. Сі Цзіньпін (дзякуй яму, вельмі вялікі сябар нашага народа), кіраўніцтва Кітая адкрылі нам свае рынкі. Вось яна - каштоўнасць гэтага кавалачка зямлі", - растлумачыў ён.

Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў розныя канспіралагічныя домыслы наконт прыезду ў Беларусь саветніка Прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джона Болтана, а таксама сваё рашэнне не ехаць у Польшчу на мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне пачатку Другой сусветнай вайны.

"Болтан прыехаў. А чаму ён не мог прыехаць? Ён што, прыехаў у Беларусь перш за ўсё? Ды не, ён пабываў ужо і ў Сочы, і ў Маскве, і з маім сябрам, калегам Пуціным абдымаўся. Мы ж спакойна гэта ўспрымалі. Прыехаў і прыехаў. Трэба размаўляць. А тым больш нам - краіна, якая была столькі пад санкцыямі, яны нас нахілялі і ўлева, і ўправа. І самі прыехалі, прапанавалі сустрэцца. Думаю, правільна, мы павінны з імі наладжваць адносіны. Гэта ж імперыя. Самая моцная краіна", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што і Расія імкнецца ўстанавіць нармальныя адносіны з ЗША. "А чаму мы не павінны гэтага рабіць? І ніякіх тут рухаў на Захад, на Усход. Глядзець будзем і туды, і туды, і шукаць там, дзе выгадна. Гэтак жа, як любая дзяржава вядзе палітыку, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Па вялікім рахунку мяне ж кіраўніцтва Расіі ў гэтым не папракае. Гэта канспіралогія вакол так званых палітолагаў, сацыёлагаў, журналістаў асобных прыкормленых. Вось яны і пачынаюць там "бамбіць" з усіх бакоў. Зразумела, нехта заказвае. Я ведаю, хто", - сказаў Прэзідэнт.

"Супакоімся, пена сыдзе, трэскі гэтыя лёгкія ветрам знясе. А мы як жылі з расіянамі, так і будзем жыць. Нягледзячы нават на тую палітыку па вуглевадародах, тармажэнні нашых прадуктаў харчавання. Для чаго мы туды ідзём і пастаўляем тавар - каб грошы ў іх зарабіць і заплаціць за нафту і газ. Усё вельмі проста. І ні ў якім разе не трэба думаць, што тут нейкая глыбіня антырасійская або антызаходняя", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца паездкі ў Польшчу 1 верасня, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён быў не супраць самога факту правесці памятныя мерапрыемствы ў сувязі з пачаткам Другой сусветнай вайны. Аналагічна таму, як і ў Брэсце заўсёды праходзіць жалобная цырымонія ў дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны. "Але мы яе не ўзносім да нейкіх палітычных нябёс. Гэтага не трэба рабіць. Я супраць палітызацыі гэтай падзеі, - сказаў ён. - Нашы людзі былі 1 верасня там. Так, Прэзідэнт туды не паехаў. Ды не я адзін не паехаў. І гэта не выпад супраць Захаду. Мы вельмі добра ставімся да польскага народа і будзем да яго так ставіцца. Таму што з гэтага, заходняга боку, як рускія, так і палякі тут у нас. Мы ў адной дзяржаве некалі жылі. У нас шмат палякаў жыве. Чаму мы павінны з імі сварыцца. Так, яны праводзяць часам тую палітыку, якая не падабаецца. Вы ведаеце маю рэакцыю на гэта. Я ім адкрыта гавару: глядзіце, мы адкажам".

"Гэтак жа, калі пачалі гэтыя ракеты размяшчаць розныя. Мы адказалі - стварылі свой комплекс "Паланэз". Яны заплакалі, што мы іх там нацэлілі... Я гавару: прымайце свае ракеты. Праўда, я даў каманду - на склад паклалі свае ракеты. Думаю, адказ будзе такім жа. Мы не хочам ні з кім ваяваць. Але мы не дазволім больш з нас здзекавацца. Нікому. Ні магутным дзяржавам, ні больш слабым", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Каменціруючы той факт, што на памятныя мерапрыемствы ў Польшчы не запрасілі Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта справа палякаў, ды і сам расійскі лідар, хутчэй за ўсё, не асабліва імкнуўся туды паехаць. "Я вельмі добра ведаю Пуціна. Ён асабліва і не рваўся туды ехаць. У нас ёсць святы, дзе мы шануем памяць загінулых. Ну, не запрасілі... Напэўна, не фармат. Камусьці, можа, не падабаецца. Але мне не падабаецца, што не запрасілі Прэзідэнта Расіі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ваявалі разам, і перш за ўсё беларусы, рускія. Уклад асноўны ў перамогу ўнеслі менавіта рускія людзі".

"Не трэба палітызаваць гэтыя пытанні. Яшчэ невядома, дзе мы апынёмся праз дзясятак-другі гадоў. Таму адзін аднаго даймаць гэтымі праблемамі не трэба. І ў той жа час, яшчэ раз падкрэсліваю, мы ж не былі супраць. Нашы людзі там (у Польшчы. - Заўвага БЕЛТА) прысутнічалі на цырымоніі, наш пасол, дыпламаты былі. Не бачу тут ніякіх антызаходніх выпадаў", - сказаў беларускі лідар.-0-

Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Фота з архіва Лукашэнка: кантакты Беларусі і Латвіі садзейнічаюць умацаванню бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне
Учора 18:49
Лукашэнка: Беларусь імкнецца да пашырэння дыялогу з Аманам на прынцыпах даверу і ўзаемаразумення
Учора 11:41
Лукашэнка мае намер наведаць Латвію ў першым-другім квартале 2020 года
17 Лістапад, 16:53
Лукашэнка аб намеры балаціравацца: я за гэта крэсла не трымаюся, але сваю кандыдатуру прапаную
17 Лістапад, 16:46
Лукашэнка: Беларусь заўсёды будзе заставацца ў сваіх межах, ні перад кім не поўзаючы на каленях
17 Лістапад, 16:33
Лукашэнка на выбарчым участку больш за гадзіну адказваў на пытанні журналістаў
17 Лістапад, 16:20
Лукашэнка: у мяне на стале ляжаць спісы дэпутатаў, якіх выберуць? Гэта смех
17 Лістапад, 16:04
Лукашэнка аб выніках у сельскай гаспадарцы: год быў не ідэальны, але добры
17 Лістапад, 15:19
Лукашэнка аб прызнанні выбараў: я наконт гэтага перажываць не прывык
17 Лістапад, 15:02
Поўная версія