ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 24 мая 2022
Мінск Ясна +18°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
18 студзеня 2022, 20:04

Лукашэнка выступіў за замацаванне ў Канстытуцыі абавязку грамадзян клапаціцца пра сваё здароўе

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанне аб неабходнасці замацавання ў абноўленай Канстытуцыі нормы аб абавязку грамадзян клапаціцца пра сваё здароўе было ў ліку важных пунктаў парадку дня нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па выніках усенароднага абмеркавання праекта змяненняў Канстытуцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як растлумачыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, наконт гэтай нормы на дыялогавых пляцоўках разгараліся самыя бурныя дыскусіі. "Даволі справядлівая норма, але выклікала такі рэзананс, - адзначыў ён. - Грамадскасць апасаецца адмены бясплатнага лячэння і пераходу на аказанне медыцынскай дапамогі выключна на платнай аснове". У сувязі з гэтым была агучана прапанова выключыць гэту норму з праекта Канстытуцыі.

Кіраўнік дзяржавы дэталёва распытаў удзельнікаў нарады аб іх меркаванні наконт гэтага пытання. "Людзі супраць таго, каб яны адказвалі за сваё здароўе і клапаціліся пра яго? Слухайце, а што тут дрэннага (у замацаванні такога абавязку ў праекце Канстытуцыі. - Заўвага БЕЛТА)? Я не разумею. Што дрэннага, што мы ў Канстытуцыі запісалі: Пятроў, Сідараў, Лукашэнка, Сергяенка, гэта - тваё здароўе і ты перш за ўсё за яго павінен адказваць. Што тут няправільна?" - задаўся лагічнымі пытаннямі Прэзідэнт.

"Вы хочаце сказаць, што пераважная большасць людзей ужо выказаліся? Не. Нехта недзе адкалупнуў, сказаў, абвастрыў гэту праблему, і пайшлі на повадзе - выкінулі (з тэксту праекта. - Заўвага БЕЛТА), - дадаў беларускі лідар. - Каб не было насцярожанасці ў людзей (гэта важна), давайце мы прапішам тое, што ў нас ёсць, гэта наша заваёва: што дзяржава будзе несці расходы на лячэнне людзей і будзе лячыць людзей, як лечыць цяпер. У адным артыкуле гэта запісалі. А далей запішам, што і ты, дарагі мой, адказваеш за здароўе".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што наяўнасць моцнай сацыяльнай падтрымкі грамадзян з боку дзяржавы крыху расслабляе людзей: "Гэта наш недахоп, нашай сістэмы сацыяльна арыентаванай дзяржавы. У нас чалавек сядзіць і думае: "Не Лукашэнка, дык дзяржава за мяне нешта павінна вырашыць". Паверце мне, я чалавек вопытны, пабываў ва ўсіх краінах: ні ў адной постсавецкай рэспубліцы гэтага няма".

"Там кожны адказвае сам за сябе, там кожны імкнецца зарабіць капейку. У іх больш жорсткая эканамічная палітыка, а ў нас за ўсё адказвае дзяржава і Прэзідэнт. Гэта няправільна, чалавек павінен перш за ўсё (клапаціцца пра сваё здароўе. - Заўвага БЕЛТА). А калі вязеш, то і дапаможам. Гэта, па-народнаму кажучы, "хто цягне - таму і дапамагаць трэба", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Для параўнання беларускі лідар таксама прывёў сістэму аховы здароўя ў ЗША, дзе за аказанне медыцынскай дапамогі людзям даводзіцца плаціць немалыя грошы. "Там людзі дрыжаць, каб у бальніцу не трапіць. Не таму, што хвароба, небяспека, а таму, што плаціць трэба, і шмат плаціць. Не дай бог захварэеш - кальнуць цябе адзін раз, каб не памёр. А калі не дапамагло - пад агароджай і памрэш. І там чалавек непакоіцца за здароўе", - сказаў Прэзідэнт.

Іншы прыклад - Кітайская Народная Рэспубліка. "Як ні прыеду, я спецыяльна заўсёды і Ху Цзіньтаа, і Цзян Цзэміну (з імі з усімі быў знаёмы) гавару: "Пакажы мне, як кітайцы клапоцяцца пра здароўе", - расказаў беларускі лідар. - Я бываў там, дзе яны займаюцца спортам. 80, 90 гадоў, моладзь, старыя - яны ўсе круцяцца, верцяцца, худзенькія, падцягнутыя... Паўтара мільярда чалавек, але як яны дрыжаць за сябе, за сваё здароўе!"

Аляксандр Лукашэнка, гаворачы аб сістэмах аховы здароўя ў розных краінах, выказаўся аб пандэміі COVID-19, мерах па яе стрымліванні і падыходах у аказанні меддапамогі. У тым ліку ён прыгадаў аб паведамленнях у шэрагу СМІ аб пратэстах супраць QR-кодаў. "Гэта прыкормленыя СМІ гавораць "супраць QR-кодаў". Людзі не супраць гэтага выступаюць на Захадзе. Пляваць ім на гэтыя коды і іншае. Чалавеку галоўнае, каб ён лячыўся і выжыў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Гэта падаюць, што супраць нейкіх абмежаванняў. Не, там людзі ўзняліся, таму што сістэма аховы здароўя не спраўляецца з вырашэннем той задачы, якую жыццё паставіла", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі сістэма аховы здароўя спраўляецца з эпідэмічнай сітуацыяй. "Вось я цяпер Піневіча (міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча. - Заўвага БЕЛТА) пяты раз дапытваў у сувязі з новай хваляй, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Кажу: "Ты там лячы як хочаш людзей, але я з цябе цяпер спытаю за смяротнасць".

Прэзідэнт звярнуў увагу на той факт, што паводле любых ацэнак смяротнасць у Беларусі ад кавіду ніжэйшая, чым у многіх дзяржавах. "Значыць, у нас сістэма нармальная. І трэба яе як гарантыю прапісаць у Канстытуцыі. Гэта наша дасягненне. І людзі будуць разумець: так, вось мы маем гэты ўзровень, дзяржава будзе і далей пра нас клапаціцца, але і мы павінны", - заявіў беларускі лідар.

"Скажыце, што несправядлівага ў маім разважанні? - слушна заўважыў ён. - Таму не трэба адступаць там, дзе мы не павінны адступаць, там, дзе людзі павінны разумець: маё шчасце перш за ўсё ў маіх руках".

У падтрымку папраўкі ў Канстытуцыю аб абавязку грамадзян клапаціцца пра захаванне здароўя выказалася ў час нарады і суддзя Канстытуцыйнага суда Вольга Сяргеева. Яна адзначыла, што ёй вельмі імпануе ў цэлым падыход па ўзмацненні ў праекце Канстытуцыі ўзаемнай сацыяльнай адказнасці дзяржавы і грамадзяніна. Напрыклад, арт.21 дапоўнены часткай, згодна з якой кожны павінен праяўляць сацыяльную адказнасць, уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы. "Гэты пасыл прасочваецца і ў іншых артыкулах, напрыклад у артыкуле 32 аб абароне шлюбу і сям'і, дзе палажэнні дапоўнены нормамі аб тым, што сям'я, бацькі маюць права і абавязаны прывіваць сваім дзецям павагу да закона, любоў да працы", - сказала яна.

Эксперт растлумачыла, што ў сувязі з лініяй на ўзмацненне ўзаемнай сацыяльнай адказнасці і было прапанавана дапоўніць арт.45 праекта Канстытуцыі палажэннем, што грамадзяне абавязаны прымаць меры па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя. Вольга Сяргеева дапусціла, што, магчыма, фармулёўка вельмі прамая, абавязваючая, і варта змяніць яе на больш карэктную, "каб не палохала". "Але па сваёй сутнасці яна мне падабаецца. Я лічу, яна абсалютна правільная", - падкрэсліла суддзя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі