ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 20 чэрвеня 2021
Мінск Ясна +29°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
07 мая 2021, 10:48

"Галоўнай апорай дзяржавы быў і заўсёды будзе чалавек працы" - Лукашэнка ўручыў дзяржузнагароды

Кіраўнік дзяржавы ўручыў ордэн Пашаны генеральнаму канструктару навукова-тэхнічнага цэнтра МТЗ Андрэю Стасілевічу
Кіраўнік дзяржавы ўручыў ордэн Пашаны генеральнаму канструктару навукова-тэхнічнага цэнтра МТЗ Андрэю Стасілевічу

7 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам розных сфер дзейнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбылася сёння ў Палацы Незалежнасці. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яна праходзіць напярэдадні самага святога для беларусаў свята - Дня Перамогі.

Паводле яго слоў, у гэтыя дні цырымонія ўшаноўвання лепшых працаўнікоў вёскі напаўняецца асаблівым сэнсам, таму што франтавы подзвіг савецкіх салдат быў бы немагчымы без тытанічнай працы ў тыле і асабліва - пасля вайны.

"Аб гэтым мы заўсёды павінны памятаць і гаварыць пакаленням, якія ідуць следам за намі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Хто былі гэтыя людзі, якіх мы сёння называем працаўнікамі тылу? У асноўным жанчыны, старыя і падлеткі. Гэта на іх плечы лёг увесь цяжар работы ў палях і на заводах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што людзі ваеннага пакалення змаглі ў сціслыя тэрміны эвакуіраваць тысячы заводаў на ўсход і наладзіць вытворчасць снарадаў, танкаў, самалётаў. "Яны літаральна жылі ў цэхах, працавалі на знос. Адрывалі ад сябе апошняе, каб салдат нашай арміі быў узброены, сыты, апрануты і абуты", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як пасля вайны заходняя прэса прадракала краіне не менш як чвэрць стагоддзя на поўнае аднаўленне. "Але наша старэйшае пакаленне адбудавала гарады і вёскі прыгажэйшыя за мінулыя літаральна за дзве пяцігодкі. Узвялі ў тым ліку фабрыкі і заводы, працоўныя калектывы якіх вы сёння прадстаўляеце і якімі ганарыцца Беларусь, - БЕЛАЗ, МТЗ, Мінскі маторны завод, аднавілі "Гомсельмаш". Так, гэта ўжо мы з вамі іх мадэрнізавалі, абнавілі абсталяванне і ўкаранілі новыя тэхналогіі, але асновы і традыцыі заклалі нашы бацькі і дзяды, стварылі цэлыя школы, якія не могуць сёння паўтарыць іншыя краіны", - звярнуў увагу беларускі лідар.

"Напярэдадні Дня Перамогі яшчэ раз скажу: пашана і хвала ўсім ветэранам вайны і працы! Нізкі паклон за франтавы і працоўны подзвігі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, можна правесці некаторыя аналогіі паміж падзеямі ваеннага часу і тымі выклікамі, з якімі сутыкнулася Беларусь цяпер. Аднак тады вораг быў відавочны, бачны, а цяпер сітуацыя больш складаная, паколькі процідзейнічаць даводзіцца скрытым сілам. "Сёння мы іх не бачым, яны глыбока схаваны і дзейнічаюць езуіцкімі метадамі, якіх мы часам не ведаем, і нам даводзіцца адстройвацца на маршы, - адзначыў Прэзідэнт. - На фоне сусветнай кавіднай пандэміі ў наша грамадства спрабавалі ўкараніць яшчэ адзін вірус - вірус самаразбурэння. Але пераважная большасць беларусаў разумее, наследнікамі якога гераічнага пакалення з'яўляюцца. І забраць у нас права свабодна жыць і працаваць у роднай краіне ніхто і ніколі не зможа", - канстатаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў кіраўнікам працоўных калектываў за тое, што ў мінулым годзе яны хутка разабраліся, у якую прорву дэструктыўныя сілы хацелі саштурхнуць Беларусь. "Вывады мы зрабілі. Галоўнай апорай дзяржавы быў і заўсёды будзе чалавек працы: рабочы, аграрый, інжынер, канструктар, упраўленец. Кожны, хто заняты ў рэальным сектары эканомікі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт яшчэ раз паўтарыў сваё сцвярджэнне аб тым, што аснова беларускай дзяржаўнасці, паспяховага развіцця краіны і працвітання народа - нястомная стваральная праца на карысць грамадства. "Толькі праца можа забяспечыць нам незалежнасць і суверэнітэт, пра якія мы гаворым часам, не разумеючы сутнасці і цаны гэтага. У інтэрнэце можна зарабіць толькі тады, калі вырасцеш на зямлі, на фабрыцы, на заводзе. Гэта аксіёма, якую павінен з дзяцінства ведаць любы беларус, нацэлены на прафесійны поспех. Так, як гэта ведаеце і разумееце вы. Людзі, для якіх стварэнне стала сэнсам і справай усяго жыцця", - адзначыў беларускі лідар.

"Сёння дзяржаўных узнагарод удастоены прамыслоўцы, будаўнікі, транспартнікі, працаўнікі вёскі, інжынеры, педагогі, дзеячы культуры. А таксама цэлая група доблесных афіцэраў Камітэта дзяржаўнай бяспекі, якія робяць усё, каб нашы грамадзяне маглі спакойна жыць, працаваць і гадаваць дзяцей пад мірным небам", - прадоўжыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, людзі ў пагонах апошнім часам змаглі даказаць, што яны не дарма ядуць свой хлеб. "Так, было ціха, спакойна чвэрць стагоддзя. Потым нас вырашылі паспытаць на зуб. І наперадзе пайшлі людзі ў пагонах, што зразумела, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - І павінен сказаць, што яны аказаліся на вышыні".

"За якія заслугі мы іх сёння ўшаноўваем, нашых чэкістаў, людзей ваенных, думаю, тлумачыць сёння не трэба, ды і па многіх напрамках пакуль нельга. Гэтыя падзеі дзякуючы нашым сродкам масавай інфармацыі ва ўсіх на слыху. Шчыра рады, што маю магчымасць асабіста падзякаваць усім вам за значны ўклад у развіццё Беларусі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў удзельнікаў цырымоніі з заслужанымі ўзнагародамі і пажадаў ім здароўя, міру, дабра і новых дасягненняў на карысць Айчыны. "Няхай урачыстая атмасфера, якая пануе ў гэтай зале, натхніць вас на новыя здзяйсненні, а вашы поспехі будуць прыкладам для іншых. Перш за ўсё для энергічнай, творчай, амбіцыйнай моладзі", - сказаў беларускі лідар.

Ордэнам Працоўнай Славы ўзнагароджаны генеральны дырэктар ААТ "Птушкафабрыка "Дружба" Васіль Маркевіч, наладчык станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем БЕЛАЗа Сяргей Лютаў, а таксама работнікі Мінскага трактарнага завода: аператар станкоў з праграмным кіраваннем Пётр Бабок, маляр Таццяна Жыбуль, начальнік корпуса зборкі трактароў Леанід Самусевіч.

Група работнікаў прадпрыемстваў аграпрамысловага і прамысловага сектара ўдастоена ордэна Пашаны. Гэту ўзнагароду кіраўнік дзяржавы ўручыў, у прыватнасці, дырэктару ААТ "Кастрычнік" Мсціслаўскага раёна Пятру Лаўнікаву, кіраўніку фермерскай гаспадаркі "Дзіяна" Шклоўскага раёна Уладзіміру Маліноўскаму, дырэктару камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства "Ніва-Барсукі" Кіраўскага раёна Івану Рыняку, генеральнаму канструктару навукова-тэхнічнага цэнтра МТЗ Андрэю Стасілевічу.

Ва ўрачыстай абстаноўцы Прэзідэнт таксама ўручыў дыпломы аб прысваенні ганаровых званняў. Сярод тых, хто атрымаў дыпломы, - заслужаны дзеяч культуры намеснік дырэктара - загадчык аддзела музычных і літаратурна-мастацкіх праграм дырэкцыі канала "Культура" Беларускага радыё Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Навум Гальпяровіч, заслужаны дзеяч навукі загадчык кафедры паталагічнай фізіялогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Францішак Вісмант, заслужаны будаўнік намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Дзяшко, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі дырэктар ААТ "Нарачанскія зоры" Генадзь Кучко, заслужаны работнік прамысловасці генеральны дырэктар МТЗ Віталь Воўк, дырэктар канструктарскага бюро "Дысплэй" Аляксандр Вайцянкоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі