
8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 чэрвеня сустрэўся з сакратарамі саветаў бяспекі дзяржаў - членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дыялог паміж нашымі краінамі ў сферы ўмацавання калектыўнай бяспекі цяпер актуальны як ніколі. Скажу адкрыта, што ад вас, галоўных памочнікаў кіраўнікоў дзяржаў у вашых краінах па бяспецы, многае залежыць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што такія сустрэчы даўно выйшлі за рамкі пратакольных, паколькі геапалітычная сітуацыя патрабуе выпрацоўкі своечасовых рашэнняў.
Нядаўна кіраўнік дзяржавы правёў сустрэчу з кіраўнікамі органаў бяспекі і спецыяльных службаў краін СНД. "Прайшла нарада кіраўнікоў. Як мне дакладваюць, вельмі эфектыўная размова была, вельмі важная размова. І я, шчыра кажучы, гэтаму рады", - сказаў ён.
Гэтымі днямі ў Мінску праходзіць пасяджэнне Камітэта сакратароў саветаў бяспекі краін АДКБ. Яны плануюць абмеркаваць выклікі і пагрозы бяспецы дзяржаў - членаў арганізацыі і меры па іх нейтралізацыі. Плануецца таксама разгледзець дакументы, якія датычацца правядзення рэгіянальнай антытэрарыстычнай аперацыі АДКБ "Наёмнік", падрыхтоўкі органаў кіравання і фарміраванняў сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі АДКБ і іншыя.-0-