Сцяг Чацвер, 25 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
12 чэрвеня 2024, 09:01

Лукашэнка: шматпланавыя беларуска-расійскія адносіны будуць і далей пашырацца

12 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўсіх расіян з Днём Расіі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

"Расійская дзяржаўнасць паступальна развіваецца, абапіраючыся на шматвяковы гістарычны вопыт і традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасці, пераемнасць пакаленняў і патрыятызм народа. Ва ўсе часы самым вялікім багаццем і каштоўнасцю для Расіі былі і застаюцца яе грамадзяне, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Праводзімы Вамі курс на ўмацаванне чалавечага капіталу, шырокую сацыяльна-эканамічную падтрымку сем'яў і моладзі стварае неабходны патэнцыял для нарошчвання моцы, паспяховага пераадолення ўсіх цяжкасцей бягучага гістарычнага моманту".

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што шматпланавыя беларуска-расійскія адносіны саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства будуць і далей пашырацца дзякуючы новым значным дасягненням міждзяржаўнага супрацоўніцтва і інтэграцыйнага ўзаемадзеяння.

Прэзідэнт Беларусі пажадаў Уладзіміру Пуціну здароўя, сіл і энергіі ў вырашэнні пастаўленых мэт і задач, а жыхарам Расійскай Федэрацыі - дабрабыту.

Віншавальныя пасланні ад Прэзідэнта Беларусі таксама накіраваны старшыні ўрада Расіі, старшыні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы Міхаілу Мішусціну, старшыні Савета Федэрацыі Валянціне Мацвіенка і старшыні Дзяржаўнай думы Федэральнага сходу, старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі Вячаславу Валодзіну.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі