Поўная версія

Лукашэнка прыбыў у Бялград

Прэзідэнт 02.12.2019 | 17:57
Аляксандр Вучыч і Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Вучыч і Аляксандр Лукашэнка

2 снежня, Бялград /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візітам у Сербію. Борт нумар адзін прызямліўся ў бялградскім аэрапорце імя Нікалы Тэслы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першапачаткова планавалася, што самалёт кіраўніка дзяржавы ў паветранай прасторы Сербіі будзе суправаджаць эскорт з трох знішчальнікаў МіГ-29. Такія ўшанаванні тут выпадаюць не ўсім, а толькі найбольш жаданым гасцям. У пачатку года, напрыклад, гэтак жа ў Бялградзе сустракалі Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Аднак у самы апошні момант з-за дрэнных умоў надвор'я паветраны эскорт быў адменены. Беларускі борт нумар адзін суправаджаў знішчальнік, які ляцеў за самалётам на адлегласці 5 км: ваеннае судна не магло падляцець бліжэй у мэтах захавання бяспекі.

Нягледзячы на дождж, у аэрапорт сустракаць Аляксандра Лукашэнку прыехаў Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч. Ён прывітаў беларускага калегу ля трапа самалёта, затым кіраўнікі дзяржаў паехалі да мемарыяльнага комплексу ў гонар вызваліцеляў Бялграда. Мемарыял быў адкрыты ў кастрычніку 1954 года да 10-годдзя вызвалення горада. У брацкіх магілах знаходзяцца астанкі больш як 1,3 тыс. воінаў і партызан Народна-вызваленчай арміі Югаславіі, а таксама 711 чырвонаармейцаў, якія загінулі ў час Бялградскай аперацыі 1944 года. Сярод іх ёсць і выхадцы з Беларусі. Усяго ў баях за горад загінулі амаль 3 тыс. югаслаўскіх і каля 1 тыс. савецкіх воінаў.

Прэзідэнт Беларусі ўсклаў вянок да манумента і пакінуў запіс у памятнай кнізе.

"У год святкавання 45-й гадавiны вызвалення Беларусi i Сербii ад фашысцкiх захопнiкаў мы нізка схіляем галовы перад подзвігам герояў, аддаўшых свае жыцці за свабоду і незалежнасць нашых краін, за мірную будучыню дзеля нашчадкаў. Шчыра дзякуем сербскім сябрам за руплівае захаванне памяці аб слаўных сынах беларускай зямлі, якія загінулі, вызваляючы Сербію ў гады Другой сусветнай вайны", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Сёння Аляксандр Лукашэнка і Аляксандр Вучыч правядуць нефармальныя перагаворы за вячэрай, а заўтра ў Палацы Сербіі адбудзецца афіцыйная сустрэча двух лідараў. Прэзідэнты абмяркуюць развіццё палітычнага дыялогу і эканамічнага ўзаемадзеяння. Асаблівую ўвагу яны ўдзеляць перспектывам павелічэння тавараабароту, ініцыятывам па стварэнні сумесных вытворчасцей і запуску ўзаемных інвестыцыйных праектаў. Кіраўнікі дзяржаў таксама абмяркуюць рэгіянальны і сусветны парадак дня, супрацоўніцтва на міжнародных пляцоўках.

Праграмай візіту Аляксандра Лукашэнкі прадугледжана сустрэча са старшынёй Народнай скупшчыны Сербіі Маяй Гойкавіч і дэпутатамі вышэйшага заканадаўчага і канстытуцыйнага органа краіны.

Паралельна візіту Прэзідэнта ў Бялградзе пройдзе беларуска-сербскі бізнес-форум. Дзелавыя колы абмяркуюць магчымасці супрацоўніцтва ў сферах прамысловай вытворчасці і машынабудавання, сельскай гаспадаркі, нафтахіміі, вытворчасці прадуктаў харчавання, фармацэўтыкі, лёгкай прамысловасці, дрэваапрацоўкі і іншых галінах.

Чакаецца, што ў час бізнес-форуму будуць падпісаны кантракты на пастаўку беларускай прадукцыі прыкладна на $100 млн.

У лістападзе 1994 года былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Саюзнай Рэспублікай Югаславія, правапераемнасць ад якой з 2006 года перайшла да Сербіі.

Прэзідэнт Беларусі раней наведваў Сербію чатыры разы: у 1998, 1999, 2009 і 2014 гадах. Лідары Сербіі рабілі чатыры візіты ў Мінск.

У 2018 годзе аб'ём тавараабароту паміж краінамі склаў $148 млн. Беларусь пастаўляе ў Сербію грузавыя аўтамабілі, пруткі з нелегіраванай сталі, трактары і седлавыя цягачы, скручаны дрот з чорных металаў, шыны, нафтавыя газы і газападобныя вуглевадароды, аўтобусы, гарачакачаныя пруткі, драўняна-стружкавыя пліты, сінтэтычныя валокны і ніці, нафтапрадукты, угнаенні.-0-

Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Беларусь набудзе будынак у Тбілісі для размяшчэння свайго пасольства
13 Снежань, 18:25
Стыпендыі спецфонду Прэзідэнта назначаны 187 студэнтам і курсантам
13 Снежань, 17:36
Лукашэнка прадоўжыў тэрмін службы шасці генерал-маёрам
13 Снежань, 17:28
У час сустрэчы Лукашэнка не выключае яшчэ некалькі раўндаў перагавораў з Расіяй па балючых пытаннях
13 Снежань, 15:31
Лукашэнка: я прыхільнік страхавой медыцыны, але для гэтага даходы людзей павінны быць вышэйшыя
13 Снежань, 14:47
"За такімі медыкамі будучыня" - Лукашэнка выступіў за павышэнне прэстыжу ўрача агульнай практыкі
13 Снежань, 14:32
Фота з архіва Прэзідэнт Беларусі лічыць дачасным уводзіць практыку ліцэнзавання або абавязковай акрэдытацыі ўрачоў
13 Снежань, 14:27
Лукашэнка пракаменціраваў адток медыкаў і растлумачыў, чаму СМІ мусіруюць гэта пытанне
13 Снежань, 14:14
Лукашэнка адказаў на пытанне пра дэфіцыт медыкаў у Беларусі і расказаў, як рыхтаваць спецыялістаў
13 Снежань, 14:05
Поўная версія