Поўная версія

Лукашэнка падкрэслівае важнасць комплекснага падыходу да сельгасработ у перыяд уборачнай

Прэзідэнт 02.09.2019 | 09:00
Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

2 верасня, Смалявіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць комплекснага падыходу да сельгасработ у перыяд уборачнай. Аб гэтым ён заявіў 31 жніўня ў час рабочай паездкі ў Смалявіцкі раён Мінскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прыехаўшы ў поле на тэрыторыі ААТ "Азярыцкі-Агра", Аляксандр Лукашэнка з ходу адзначыў, што дзень сёння не асаблівы, а звычайны.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўборка збожжавых - гэта толькі частка ўборачнай кампаніі і іншых не менш важных палявых работ. "Мы, напэўна, 25-30 працэнтаў толькі пераадолелі ўборачнай", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што для Беларусі ўборачная кампанія даўно перастала быць "бітвай за ўраджай". У краіне дастаткова тэхнікі, сіл і сродкаў для правядзення ўборачнай у тэрмін і ў поўным аб'ёме.

"Змяніўся клімат, і мы спрабуем пакуль дастойна ўзяць зерне ад кукурузы, як увесь свет і ЗША - краіна, якая атрымлівае больш за ўсё збожжавых. Пераарыентаваліся на кукурузу, сталі вырошчваць на чвэрць менш збожжавых каласавых. Таму гэта ўжо не бітва. Каля 7 млн т атрымалася (сабраць збожжавых і зернебабовых без уліку кукурузы. - Заўвага БЕЛТА). Для Беларусі з такой тэхнікай гэта не праблема", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, вельмі важна, не збаўляючы тэмпаў, прадаўжаць сельгасработы. Прэзідэнт растлумачыў, што павінен быць гаспадарскі падыход, нараўне з уборкай збожжа ў гаспадарках трэба рыхтавацца да ўборкі кукурузы, займацца нарыхтоўкай плодаагародніннай прадукцыі, праводзіць узворванне зямель, рыхтаваць іх пад пасеў азімых, нарыхтоўваць кармы. "Мы ўлезлі ва ўборку збожжавых і, груба кажучы, па-сялянску, целяпаемся з гэтымі збожжавымі, забываючы, што адразу пасля ўборкі збожжавых трэба ржышча пралушчыць, пераараць, падрыхтаваць пад азімую сяўбу, пасеяць азімыя", - дадаў ён.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў работу ААТ "Азярыцкі-Агра".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на стратэгію па ўраджаі бульбы - закласці ў стабфонды з належнымі ўмовамі захоўвання, забяспечыць гандаль на ўнутраным рынку і экспарт. У бягучым годзе чакаецца добры ўраджай, плануецца сабраць каля 7 млн т. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што большую частку ўраджаю - каля 5,5 млн т - атрымліваюць прыватныя гаспадаркі, у сувязі з чым запатрабаваў забяспечыць у іх закупку бульбы, дапамагчы з рэалізацыяй.

"Самае святое - гэта стабілізацыйныя фонды. Гэта рэзервы для насельніцтва, каб у нас была свая бульба на паліцах, самых лепшых сартоў, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Галоўнае для нас на гэты год - накарміць сваё насельніцтва добрай бульбай".

Ён высока ацаніў якасць сартоў бульбы беларускай селекцыі. "Новыя сарты, вырашчаныя з прабіркі, іх я і сам апрабаваў, у лабараторыі даследавалі і ў Расіі, і ў нас - цудоўныя", - сказаў Прэзідэнт.

Такім чынам, традыцыйна кіраўнік дзяржавы свой дзень нараджэння правёў за работай. На гэты раз - у полі, займаючыся пытаннямі развіцця АПК. Тым не менш, калектыў БЕЛТА не можа не далучыцца да шматлікіх віншаванняў.-0-

Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Поўная версія