Поўная версія

Лукашэнка: Кітай з'яўляецца адной з апор шматпалярнасці і ўстойлівасці ў свеце

Прэзідэнт 30.09.2016 | 12:15
Аляксандр Лукашэнка ў Пекінскім універсітэце
Аляксандр Лукашэнка ў Пекінскім універсітэце

30 верасня, Пекін /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Кітай з'яўляецца адной з апор шматпалярнасці і ўстойлівасці ў свеце. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад студэнтамі Пекінскага ўніверсітэта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Толькі шматпалярны свет можа ўтрымаць і выратаваць нашу планету ад разбурэнняў. Ні адна сістэма не можа доўга ўстаяць на адной апоры. Чым іх больш, тым магутней сістэма. І адной з апор гэтай шматпалярнасці і ўстойлівасці з'яўляецца КНР. І мы вельмі зацікаўлены, каб гэта апора пастаянна ўмацоўвалася. У гэтым наш прагматызм, - заявіў Прэзідэнт. - Будзе магутны і моцны Кітай - будзе суверэнная і незалежная Беларусь. Таму што гэта наш сябар, на плячо якога мы заўсёды зможам абаперціся".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь цвёрда прытрымліваецца шматвектарнай знешняй палітыкі, развівае адносіны з усімі без выключэння рэгіёнамі свету, з усімі дзяржавамі. "Гэта наш шлях адаптацыі і гарманічнага ўбудоўвання ў імкліва зменлівы глабальны свет. Мы заклікаем да дыялогу, пазбаўленага націску і прымушэння. Паколькі кожная краіна, кожны суб'ект міжнародных адносін адказны за тое, каб наш свет у цэлым стаў больш стабільным, камфортным і бяспечным для людзей", - адзначыў беларускі лідар.

"Мы заўсёды зыходзім з такога разумення пры выпрацоўцы і ажыццяўленні сваёй знешняй палітыкі. Таму нацэлены выключна на ўмацаванне і пашырэнне супрацоўніцтва з усімі суседзямі - і на Усходзе, і на Захадзе - настолькі глыбока, наколькі гэта магчыма, але не на шкоду каму-небудзь. Мы вядзём дыялог з тымі партнёрамі, якія гатовы будаваць адносіны з Беларуссю на раўнапраўнай аснове, без дыктату і прымушэння", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама дадаў, што Беларусь выступае за бясспрэчнае вяршэнства права ў міжнародных адносінах, на якім павінна грунтавацца сучаснае справядлівае і шматпалярнае светаўладкаванне.-0-

Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Поўная версія