ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 27 кастрычніка 2021
Мінск Ясна +7°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 верасня 2021, 21:00

Лукашэнка: беларускі народ фарміраваўся ў адзіную нацыю ў неймаверных выпрабаваннях

17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі народ фарміраваўся ў адзіную нацыю ў неймаверных выпрабаваннях. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на форуме патрыятычных сіл "Сімвал адзінства", прысвечаным Дню народнага адзінства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Уся гісторыя часам цяжкага і драматычнага шляху Беларусі да здабывання і захавання сваёй дзяржаўнасці не раз пацвярджала найстаражытнейшую мудрасць, што сіла ў адзінстве, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы, беларусы, ведаем, што значыць дзеля чужых нацыянальных інтарэсаў, нечых празмерных геапалітычных амбіцый згубіць палову роднай зямлі, страціць сувязь з блізкімі і сябрамі на доўгія 20 гадоў", - заявіў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, на працягу гэтых некалькіх дзесяцігоддзяў звыш 4 млн чалавек, якія пражывалі на акупіраванай Польшчай тэрыторыі, былі пазбаўлены права гаварыць на роднай мове, вучыцца ў нацыянальных школах, развіваць сваю самабытную культуру, ды і проста звацца беларусамі.

Для большай нагляднасці па патрабаванні Прэзідэнта на форуме была прадэманстравана карта Беларусі 1921 года, калі тэрыторыя краіны была ў разы меншая за сучасную. "Паглядзіце, дзе была Беларусь, разарваная, падзеленая... Гэта было справядліва? Не. 20 гадоў людзі мучыліся, з іх здзекаваліся, забаранялі размаўляць так, як яны хочуць, не кажу ўжо, што вучыцца дзецям не было дзе, ішло апалячванне, паланізацыя гэтай часткі Беларусі. Мы не маглі з гэтым змірыцца", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар.

"Няма нічога дзіўнага ў тым, што 17 верасня 1939 года жыхары Заходняй Беларусі сустракалі Чырвоную армію як вызваліцельніцу. Са слязамі на вачах і кветкамі, - нагадаў беларускі лідар. - Памятаюць гэту сустрэчу архіўныя фота, якія беражліва захоўваюцца ў старэнькіх сямейных альбомах".

"Так, сёння мы не можам прымусіць замаўчаць нацыяналістаў розных масцей, нашчадкаў калабарацыяністаў, якія прыраўнавалі гэту падзею да нападзення фашысцкай Германіі на Польшчу. Але мы можам і павінны нарэшце, не саромеючыся, адказаць фактамі, што мы і пачалі рабіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, як Польшча ў сярэдзіне верасня 1939 года пацярпела разбуральнае паражэнне ў вайне з Германіяй, польскія войскі былі разгромлены, а ўрад пабег у Вялікабрытанію. Польшча як дзяржава перастала існаваць, а над Заходняй Беларуссю, якая ўваходзіла ў склад на той час ужо не існуючай Польшчы, навісла цень нацызму. "Вярнуўшы страчаныя спрадвечна беларускія землі, савецкі ўрад спыніў смяротную пагрозу для жыхароў рэгіёна на цэлыя два гады", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што ў Польшчы вельмі пакрыўдзіліся на тое, што беларусы ў сваёй дзяржаве, згодна са сваёй канстытуцыяй прынялі рашэнне святкаваць дзень уз'яднання краіны менавіта ў гэту памятную дату. "Чаму пакрыўдзіліся? Землі ж польскія. Аказваецца, мы іх "акупіравалі", - заўважыў Прэзідэнт. У адказ на такія абвінавачанні і папрокі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гістарычнае рашэнне аб уз'яднанні зямель у 1939 годзе было правільным і справядлівым.

"1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу і на працягу двух тыдняў польскай дзяржавы не існавала. І калі б мы, Чырвоная армія, тады не рушылі свае войскі на захад, да Брэста і Гродна, не факт, што немцы спыніліся б там, на той заходняй граніцы. Яны былі б пад Мінскам ужо. І я смею сёння сказаць, што калі б у 1939-м, за два гады да нападзення фашыстаў на Савецкі Саюз, немцы былі пад Мінскам, баюся, што не было б Вялікай Перамогі ў 1945-м. Адзін кідок да Масквы - і Савецкага Саюза не існавала б. Таму гэты прэвентыўны рух Сталіна на захад і ўз'яднанне заходніх зямель Беларусі са спрадвечна беларускімі землямі быў правільным, справядлівым і заканамерным", - перакананы Прэзідэнт.

Разважаючы аб падзеях верасня 1939 года, кіраўнік беларускай дзяржавы задаўся пытаннем, чаму ж тады Польшча не абараніла свае землі і за два тыдні здала ўсю тэрыторыю, уключаючы Гродна і Брэст? "Чаму вы не паміралі там, калі гэта ваша зямля? Што можна было гаварыць аб землях, усходніх крэсах, якія ўваходзілі ў склад Польшчы... Нашы дні былі б злічаны", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён заўважыў, што існуе меркаванне, нібыта палякі не маглі процістаяць магутнай арміі Германіі. "Тады паўстае другое пытанне: а чаму вашы заступнікі вам не дапамаглі? Вы заўважылі, куды пабег урад Польшчы? У Вялікабрытанію. А англасаксы моцнымі тады былі. Чаму не абаранілі, як абяцалі, Польшчу? І яшчэ адно пытанне: дык палякі ж атрымалі смяротны ўдар 1 верасня (1939 года. - Заўвага БЕЛТА) ад сваіх саюзнікаў. Германія ж да 1 верасня 1939 года была ў вельмі цесным саюзе з Польшчай, у абдымку хадзілі. Польскі ўрад, кіраўніцтва гатова было, і гэта архіўнымі фактамі пацвярджаецца, гатова было на цэнтральных плошчах Варшавы паставіць помнік Гітлеру. І гэты самы Гітлер праз некалькі месяцаў растаптаў Польшчу", - канстатаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адхіліў усялякія прэтэнзіі да Беларусі за падзеі верасня 1939 года, падкрэсліўшы, што ў той перыяд беларускі народ зноў здабыў права жыць і развівацца ў межах адной рэспублікі. За кароткі час у заходніх абласцях людзі атрымалі бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, пачалі работу амаль 6 тыс. школ, адкрыліся нацыянальныя ВНУ і тэатры, будаваліся новыя фабрыкі і заводы, нагадаў Прэзідэнт. Ва ўсіх абласных гарадах і райцэнтрах з'явіліся беларускія газеты і часопісы. "Уз'яднанне ў 1939 годзе Беларусі надало магутны імпульс развіццю эканомікі, навукі, культуры. Але галоўнае - беларусы аб'ядналіся. Былі разам і ў барацьбе супраць прыхільнікаў аднаўлення "вялікай" Польшчы, і ў барацьбе з гітлераўскімі акупантамі", - заўважыў Прэзідэнт.

"На палях бітваў, у партызанскіх атрадах і падполлі жыхары Заходняй і Усходняй Беларусі, не задумваючыся, паміралі за сваю Айчыну. У гэтай самай страшнай і жорсткай вайне ў гісторыі чалавецтва ўмацоўвалася і загартоўвалася народнае адзінства беларусаў, рускіх, украінцаў, палякаў, яўрэяў і іншых малых народаў, якія пражывалі ў рэспубліцы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У неймаверных выпрабаваннях беларускі народ фарміраваўся ў адзіную нацыю".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі