ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 7 мая 2021
Мінск Суцэльная воблачнасць +12°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
09 красавіка 2021, 10:57

Лукашэнка аб сваёй формуле ў партыйным будаўніцтве: ні з левымі, ні з правымі - з народам

У час нарады
У час нарады

9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па пытаннях дзейнасці ў краіне палітычных партый, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сярод удзельнікаў мерапрыемства - кіраўнікі парламента, Адміністрацыі Прэзідэнта, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі, міністр юстыцыі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на VI Усебеларускім народным сходзе было вырашана ў бліжэйшы час прыняць змяненні ў закон "Аб палітычных партыях" - прававую аснову, якую дзяржава закладвае ў працэсы партыйнага будаўніцтва.

"Я, як і большасць тут прысутных, належу да пакалення, выхаванага Камуністычнай партыяй, якая тады была стрыжнем нашага грамадства. Таму развал СССР і забарона кампартыі ў былых саюзных рэспубліках многімі былі ўспрыняты як здрадніцтва, - сказаў Прэзідэнт. - У выніку тых узрушэнняў на заранку нашай незалежнасці і будаўніцтва беларускай дзяржаўнасці мы ўсведамляем, што шарахацца з боку ў бок нельга. Я асабіста вывеў для сябе формулу, якой прытрымліваюся да гэтага часу: ні з левымі, ні з правымі - з народам. Мая пазіцыя ў пытаннях партыйнага будаўніцтва засталася нязменнай: не фарсіраваць нічога штучна, але і не тармазіць грамадска-палітычныя працэсы. Яны павінны выспяваць самі, знізу. Ніякіх праўладных партый, штучна створаных".

Аб запатрабаванні на палітычныя партыі

Кіраўнік дзяржавы адзначыў: нехта, магчыма, папракне, што многія гады дзяржава мэтанакіравана не стымулявала развіццё палітычных партый. "Але і запатрабавання на іх у грамадства не было. Яно і цяпер не адзначана. Як паказваюць розныя сацыялагічныя даследаванні, узровень даверу да існуючых партый блізкі да статыстычнай хібнасці. Я гэта адказна заяўляю, і апошнія маштабныя сацыялагічныя даследаванні аб гэтым сведчаць. Партыйнае пытанне бударажыць розумы толькі невялікай часткі палітызаванай публікі і ў буйных гарадах. Мы гэта бачым і абавязкова павінны ўлічваць", - заўважыў беларускі лідар.

У той жа час, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, работа дыялогавых пляцовак паказала, што беларусы гатовы шырэй і актыўней удзельнічаць у вырашэнні розных пытанняў. "Прычым не толькі мясцовага ўзроўню, хоць чалавека хвалюе перш за ўсё тое, што адбываецца ў яго доме, двары, квартале. Мы адчуваем гэта запатрабаванне. Цяпер трэба дасканала прадумаць механізм выбудоўвання розных сацыяльных груп у канструктыўны дыялог, задаўшы выразныя рамкі палітычных працэсаў", - сказаў Прэзідэнт.

Аб прынцыпе партыйнага будаўніцтва і грамадскім даверы

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што любыя крокі ў гэтым напрамку павінны прымацца па прынцыпе "не нашкодзь". "Трэба разумець: у беларускага грамадства практычна няма вопыту існавання ва ўмовах шматпартыйнасці", - адзначыў ён.

"Грамадскі давер і аўтарытэт палітычных партый не могуць узнікнуць раптам з ніадкуль. Гэта доўгачасовы працэс, які ў заходніх краінах развіваўся не адно стагоддзе, - заўважыў беларускі лідар. - Таму мы дамовіліся, што як у гэтым, так і ў іншых пытаннях дзяржаўнага будаўніцтва нам больш разумна ісці эвалюцыйным шляхам з улікам нашай спецыфікі і нацыянальных інтарэсаў".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гатовых рэцэптаў у гэтым пытанні няма. "Паглядзіце на апору заходняй дэмакратыі - партыйную палітычную сістэму. Мы бачым, як на месца партыйных ідэалогій прыходзяць танны папулізм і брудныя палітычныя тэхналогіі. Партыі проста часам уцёмную, а іншым разам несалідна, у парушэнне ўсіх норм і прынцыпаў выкарыстоўваюць у палітычнай барацьбе для дасягнення сваіх карыслівых інтарэсаў. Асобныя групы. Гэта мы бачым не толькі на Захадзе, але і ў постсавецкіх рэспубліках, якія пайшлі гэтым шляхам. І інтарэсы гэтых, часта алігархаў, дзякуй богу, няма іх у Беларусі, накіраваны не на карысць краіны, а на адкрытае маніпуляванне грамадскім меркаваннем", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў недапушчальнасць таго, каб такія спекуляцыі на партыйнай аснове садзейнічалі штучнаму падзелу беларускага грамадства і ўжо тым больш - страце дзяржаўнасці.

"Партыйнае будаўніцтва не павінна, як гэта атрымалася ў некаторых нашых суседзяў, прывесці да з'яўлення кішэнных партый некалькіх алігархаў, якія развіваюць свае інтарэсы. Такога ў Беларусі быць не павінна, і я вельмі спадзяюся, што не будзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Таму, лічыць Аляксандр Лукашэнка, у пытаннях партыйнага будаўніцтва разам з забеспячэннем палітычнага прадстаўніцтва розных сацыяльных груп трэба перш за ўсё кіравацца пытаннямі бяспекі - кожнага чалавека, грамадства, дзяржавы.

Ключавым аспектам партыйнага будаўніцтва Прэзідэнт абазначыў адказнасць: "Прычым на ўсіх ступенях: партыя павінна быць падсправаздачна сваім членам, грамадству і дзяржаве, радавыя члены - партыі, інтарэсам людзей і краіны".

Аб кузні кадраў, безумоўным прыярытэце і фінансаванні

"Як Прэзідэнт я хацеў бы бачыць у палітычных партыях, калі гэта магчыма пры шматпартыйнасці, кузню кадраў. Каб адтуль з'яўляліся людзі новыя, здольныя ўзяць на сябе цяжар адказнасці за краіну, з дзяржаўным мысленнем людзі. І самае галоўнае, якой бы ні была розніца ў пунктах гледжання наконт шляху развіцця краіны, суверэнітэт Беларусі, абарона інтарэсаў народа для ўсіх адказных палітычных сіл павінны быць безумоўным прыярытэтам", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, толькі такая партыйная дзейнасць мае права прэтэндаваць на дзяржаўную падтрымку.

Асобна Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму фінансавання. "Як і ва ўсіх развітых дэмакратыях, у Беларусі палітычная дзейнасць катэгарычна не павінна фінансавацца з-за мяжы. І як некаторыя сённяшнія лідары партый думаюць, што іх дзяржава з бюджэту будзе фінансаваць, на гэта таксама разлічваць не трэба. У нас ёсць куды накіроўваць дзяржаўныя рэсурсы. Калі народ толькі даведаецца, што мы будзем фінансаваць з бюджэту палітычныя партыі, вы ведаеце, як да гэтага народ паставіцца. А што датычыцца замежнага фінансавання, у дзеючым заканадаўстве гэта ёсць. Але хачу яшчэ раз нагадаць, - сказаў ён. - Кожнаму, хто разлічвае на тое, што "замежжа нам дапаможа", дасць грошы на "сацыяльны ліфт", на бязбеднае жыццё, трэба раз і назаўсёды ўразумець: прыняў грант, грошы замежнага фонду, згадзіўся на аплату паездак, нейкіх іншых паслуг - адразу ж дэ-юрэ і дэ-факта страціў права займацца палітыкай, прэтэндаваць на дзяржаўныя і выбарныя пасады ў Беларусі. І трэба ўзмацніць, каб гэта фактычна прывяло да ліквідацыі такой партыі".

Прэзідэнт адзначыў, што закон, які рэгулюе дзейнасць палітычных партый, павінен забяспечваць вырашэнне ўсіх пытанняў, якія ўжо ўзніклі і якія могуць узнікнуць у будучым.

"На Усебеларускім сходзе мы з вамі вызначылі дакладны алгарытм: прымаем закон аб партыях, затым максімум да канца года праводзім перарэгістрацыю ўсіх палітычных партый на падставе гэтага закона", - нагадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў далажыць, што ўжо зроблена, якія ёсць праблемы і што неабходна зрабіць для павышэння эфектыўнасці дзяржаўнага і грамадскага развіцця.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі