Поўная версія

Лукашэнка аб кадравых перастаноўках: павінна прыходзіць новае пакаленне

Прэзідэнт 12.09.2019 | 15:39

12 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звяртае ўвагу на важнасць амаладжэння кадраў і прыцягнення на адказныя пасады перспектыўных кіраўнікоў. Аб гэтым ён заявіў сёння, прымаючы кадравыя рашэнні, у прыватнасці назначаючы новых дыпламатаў за мяжой, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Павінна прыходзіць новае пакаленне людзей. Мы некалі пойдзем. Не так далёка гэты час. А прыйсці павінны людзі, якія павінны захаваць краіну. Вось і паслы павінны быць такімі людзьмі. Каб не атрымалася, як тады ў нас (у першыя гады пасля развалу СССР. - Заўвага БЕЛТА) - у МЗС заходзіш, а там незразумела хто працуе і незразумела з якой галавой і якія мазгі куды павернуты. Трэба было яшчэ з дапамогай спецслужбаў адлоўліваць іх. Незразумела на каго працавалі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Трэба, каб знешнепалітычнае ведамства было моцным і перспектыўнымі былі людзі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу міністр замежных спраў Уладзімір Макей запэўніў, што ў МЗС сфарміраваны добры працаздольны калектыў. "Магу ручацца, што пазбаўляемся, калі бачым, што нехта з'яўляецца праблемным чалавекам", - дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся меркаваннем міністра замежных спраў аб прафесійных і асабістых якасцях назначаемых паслоў. "Паслы - дастойныя людзі, я так разумею", - адзначыў ён.

Уладзімір Макей расказаў, што, напрыклад, Віктар Рыбак, які зойме пасаду пасла Беларусі ў Турцыі і па сумяшчальніцтве ў Іраку, ведае гэты рэгіён, раней доўгі час працаваў у Іране. "Там (у рэгіёне. - Заўвага БЕЛТА) цяпер якраз перапляценне інтарэсаў. Я ўчора сустракаўся з першым намеснікам міністра замежных спраў Ірака. Вельмі цікавую інфармацыю расказваў", - сказаў міністр.

Што датычыцца Мікалая Аўсянкі - новага пасла Беларусі ў Эквадоры і па сумяшчальніцтве ў Калумбіі, Нікарагуа і Панаме, то ён хоць да гэтага часу і не займаўся непасрэдна гандлёва-эканамічнай праблематыкай, але добра ведае іспанскую мову, праблематыку раззбраення па вопыце работы на мінулай пасадзе начальніка аддзела міжнароднай бяспекі і кантролю над узбраеннямі галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС.

Уладзімір Макей выказаў упэўненасць у наяўнасці перспектыў развіцця адносін з Эквадорам. Нягледзячы на вялікую арыентацыю цяперашняга кіраўніцтва краіны на ЗША і ЕС, тым не менш з удзелам Беларусі прадаўжаецца рэалізацыя шэрага праектаў. "Там "Беларуснафта" працуе добра, і ёсць пэўныя перспектывы, і "Белзамежбуд", - адзначыў кіраўнік МЗС. - Калумбія для нас (з вамі ўзгоднена адкрыццё пасольства) вельмі перспектыўная краіна. І па сельскай гаспадарцы, і па пастаўках тэхнікі. Цяпер трэба прадметна і канкрэтна займацца гэтай работай".

Станоўчыя рэкамендацыі дадзены і Яўгену Вараб'ёву, які ўзначаліць беларускае пасольства ў Ізраілі. "Там патрэбны такі чалавек. Ён добра зарэкамендаваў сябе і ва ўпраўленні Еўропы (у структуры МЗС Беларусі. - Заўвага БЕЛТА). Ён таксама справіцца з гэтай пасадай", - перакананы міністр.

Адзначана, што важным для Беларусі напрамкам з'яўляецца далейшае развіццё адносін Беларусі з Егіптам і Суданам. "У нас ідзе рост тавараабароту і экспарту ў гэтым годзе пасля адпаведных візітаў", - адзначыў Уладзімір Макей.

Новы пасол у Егіпце і па сумяшчальніцтве ў Судане і Амане Сяргей Цярэнцьеў таксама добра знаёмы з адпаведнымі пытаннямі і будзе прадаўжаць работу свайго папярэдніка на гэтай пасадзе.

"У Егіпце мы ўжо маем добрыя карані, аснова закладзена. У Судане таксама трэба пакрыху па некалькі праектаў (дабаўляць. - Заўвага БЕЛТА). Так, як у Эквадоры. Ніхто не гаворыць, што там трэба разгортваць (як гіганцкая краіна) гандаль з імі. Але 2-3 праекты дабаўляць трэба, каб да "Беларуснафты" мы маглі завязацца на нейкія іншыя выгадныя для нас і для іх праекты, гэта значыць, не трэба займацца шапказакідальніцтвам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, адзначаны дыпламатычны вопыт Вячаслава Бяскостага, які будзе прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў Туркменістане. У яго наперадзе сур'ёзная работа па нармалізацыі двухбаковых адносін, перш за ўсё ў сферы ўрэгулявання праблемных пытанняў вакол тэмы будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. "Спадзяёмся, што ён з дыпламатычным вопытам зможа там (у Туркменістане. - Заўвага БЕЛТА) выбудаваць работу ў патрэбным для нас напрамку", - сказаў Уладзімір Макей.

"Добрыя, перспектыўныя паслы. Думаю, яны справяцца", - дадаў міністр.

Як паведамлялася БЕЛТА, Прэзідэнт Беларусі 12 верасня назначыў новых паслоў Беларусі ў Егіпце, Ізраілі, Эквадоры, Турцыі і Туркменістане.-0-

Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Поўная версія