Поўная версія

Беларусь ініцыюе распрацоўку дэкларацыі аб нераспаўсюджванні РСМД у Еўропе

Прэзідэнт 08.10.2019 | 13:15
У час канферэнцыі
У час канферэнцыі

8 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь ініцыюе распрацоўку і прыняцце шматбаковай палітычнай дэкларацыі адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на міжнароднай канферэнцыі "Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У сувязі з разрывам Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці нарастае занепакоенасць ЗША і Расіі наконт бяспекі ва Усходнееўрапейскім рэгіёне. "Аб гэтым сведчаць нашы нядаўнія кантакты з амерыканскімі прадстаўнікамі і пасланне Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна шырокаму колу краін аб мараторыі на разгортванне ракет у Еўропе і іншых рэгіёнах свету", - растлумачыў Прэзідэнт.

"Можа, усё ж такі варта сабрацца і абмеркаваць гэту, бадай што, самую актуальную на гэты час праблему. Калі хочаце - у Мінску або нейкім іншым месцы, - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. - Тым больш што Беларусь ужо выступіла з прапановай прыняць шматбаковую палітычную дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. Гатовы нават ініцыяваць, а тое і ўзяць на сябе, распрацоўку тэксту гэтага дакумента".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такая дэкларацыя не стане раўназначнай заменай дагавора, але ўсё ж яна магла б дапамагчы ў запаўненні прававога вакууму ў рэгуляванні гэтага сегмента ўзбраенняў. "Мы спадзяёмся, што такі дакумент атрымае падтрымку многіх дзяржаў і стане практычным укладам у рэалізацыю нашай ініцыятывы аб запуску міжнароднага дыялогу па бяспецы", - дадаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі сітуацыю вакол РСМД ведаюць у асноўным з рускамоўных крыніц, якія тлумачаць пазіцыю Расіі. Іншы пункт гледжання Аляксандр Лукашэнка нядаўна пачуў у час размовы з высокапастаўленым амерыканскім палітыкам. Беларускі лідар заўважыў, што не было відавочнай неабходнасці разрыву дагавора аб РСМД, паколькі Расія гатова ісці на розныя ўступкі. "Я выклаў пазіцыю, як мы чуем з боку Расіі, і яго адказ (фактычна як папрок) мяне ўразіў. Ён кажа: "Не, з Расіяй наогул немагчыма на гэту тэму размаўляць, усе нашы ініцыятывы яны наогул не чуюць", - перадаў змест размовы Прэзідэнт. - Я падумаў: "А дзе праўда?" Дык, можа, варта сабрацца і абмеркаваць. Пачуць розныя пункты гледжання і хаця б знайсці для сябе, на чыім баку тут праўда. Гэта вельмі важна - разуменне праблемы да таго, як яе вырашаць".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь з моманту атрымання незалежнасці і суверэнітэту ўжо больш за чвэрць стагоддзя выступае донарам стабільнасці, пастаўшчыком і еўрапейскай, і міжнароднай бяспекі.

"Гісторыя поспеху Беларусі як надзейнага партнёра, які карыстаецца даверам і Усходу, і Захаду, магла б стаць адказам на пытанне, ці можна зрабіць Усходнюю Еўропу трансгранічным поясам стабільнасці і канструктыўнага ўзаемадзеяння, - сказаў ён. - Сёння новую гісторыю поспеху еўрапейскай бяспекі трэба збіраць літаральна па крупінках. Малыя і сярэднія дзяржавы, такія як Беларусь, могуць унесці рэальны ўклад у адраджэнне "духу Хельсінкі" на еўрапейскай прасторы. Перакананы: рэалізацыя такога падыходу выгадна ўсім ключавым сусветным ігракам - і Расіі, і ЕС, і ЗША, і Кітаю".

Прэзідэнт лічыць ненармальнай сітуацыю, калі працяглы час лідары краін Еўрапейскага рэгіёна не збіраліся для абмеркавання бягучай сітуацыі і накопленых праблем, а таксама каб адкрыта перагаварыць сам-насам і даць сігнал планеце. "А калі не сігнал, то хаця б развеяць розныя міфы, - прадоўжыў ён. - Навошта тады АБСЕ? Навошта мы стваралі гэту арганізацыю? Каб пасылаць місіі на выбары? Гэта ж арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе".

Аднаўленне Хельсінкскага працэсу дасць магчымасць знізіць узровень існуючых рызык і геапалітычную праблемнасць Усходняй Еўропы, вызваліць значныя рэсурсы, якія можна накіраваць на мірныя, стваральныя мэты. "Гэта будзе таксама садзейнічаць спыненню далейшай эскалацыі канфліктаў і паступоваму паляпшэнню атмасферы ў адносінах Захаду і Усходу", - канстатаваў беларускі лідар.-0-

Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Фота з архіва Лукашэнка: кантакты Беларусі і Латвіі садзейнічаюць умацаванню бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне
Учора 18:49
Лукашэнка: Беларусь імкнецца да пашырэння дыялогу з Аманам на прынцыпах даверу і ўзаемаразумення
Учора 11:41
Лукашэнка мае намер наведаць Латвію ў першым-другім квартале 2020 года
17 Лістапад, 16:53
Лукашэнка аб намеры балаціравацца: я за гэта крэсла не трымаюся, але сваю кандыдатуру прапаную
17 Лістапад, 16:46
Лукашэнка: Беларусь заўсёды будзе заставацца ў сваіх межах, ні перад кім не поўзаючы на каленях
17 Лістапад, 16:33
Лукашэнка на выбарчым участку больш за гадзіну адказваў на пытанні журналістаў
17 Лістапад, 16:20
Лукашэнка: у мяне на стале ляжаць спісы дэпутатаў, якіх выберуць? Гэта смех
17 Лістапад, 16:04
Лукашэнка аб выніках у сельскай гаспадарцы: год быў не ідэальны, але добры
17 Лістапад, 15:19
Лукашэнка аб прызнанні выбараў: я наконт гэтага перажываць не прывык
17 Лістапад, 15:02
Поўная версія