Поўная версія

Вылучэнне прадстаўнікоў у склады акруговых выбаркамаў на парламенцкіх выбарах пройдзе па 30 жніўня

Палітыка 12.08.2019 | 14:29
Лідзія Ярмошына. Фота з архіва
Лідзія Ярмошына. Фота з архіва

12 жніўня, Мінск /Кар БЕЛТА/. Дакументы на вылучэнне прадстаўнікоў у склады акруговых выбарчых камісій на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання можна падаць па 30 жніўня. Аб гэтым сёння ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, паведамляе БЕЛТА.

"Да 30 жніўня ўключна могуць падавацца дакументы на вылучэнне ў склады акруговых выбарчых камісій. Таму цяпер работа для палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў - менавіта яны вылучаюць кандыдатаў у склады акруговых выбарчых камісій. Паколькі ў нас 110 выбарчых акруг, то і 110 акруговых выбарчых камісій. І яшчэ ў кожным рэгіёне ёсць тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі - абласныя і Мінская гарадская", - расказала Лідзія Ярмошына.

Паводле яе слоў, многія грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі ўжо намецілі пасяджэнні сваіх кіруючых органаў, каб вылучыць прадстаўніка. "Я ведаю, што на бягучым тыдні ў суботу будзе збірацца кіруючы орган аб'яднання "Белая Русь". На наступным тыдні будзе засядаць "Беларускі саюз жанчын". Думаю, многія палітычныя партыі таксама гэтым скарыстаюцца", - адзначыла старшыня Цэнтрвыбаркама.

Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што акруговыя выбарчыя камісіі на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў будуць створаны да 2 верасня ўключна. Пасля таго прэтэндэнты на месцы ў парламенце змогуць пачаць падаваць дакументы (найперш аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў выбаршчыкаў для вылучэння).-0-

Навіны рубрыкі Палітыка
Поўная версія