Поўная версія

Украіна ўдзячна кіраўніцтву Беларусі за прадастаўленне пляцоўкі для мірных перагавораў - Кізім

Палітыка 11.09.2019 | 09:38
Фота з архіва
Фота з архіва

11 верасня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Украіна ўдзячна кіраўніцтву Беларусі за прадастаўленне пляцоўкі для мірных перагавораў. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім 10 верасня на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды 28-й гадавіны незалежнасці Украіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для кожнага народа свята Незалежнасці з'яўляецца не толькі днём нараджэння дзяржавы, але і днём, калі традыцыйна падводзяцца вынікі і вызначаюцца планы на будучыню. Днём, калі мы ўспамінаем кожнае пакаленне, дзякуючы намаганням якіх мы стваралі і маем уласную дзяржаву, - падкрэсліў кіраўнік украінскай дыпламатычнай місіі. - Мы ўспамінаем герояў, якія аддалі жыццё за яе свабоду".

Пасол адзначыў, што для Украіны гэты год няпросты, поўны выклікаў. "Ён стаў годам амаль татальнай перазагрузкі ўлады. Па выніках прэзідэнцкіх, а затым парламенцкіх выбараў да ўлады ва Украіне прыйшла новая палітычная сіла на чале з Прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, які атрымаў на выбарах 73 працэнты галасоў выбаршчыкаў, а яго партыя "Слуга народа" ўпершыню за гісторыю незалежнасці Украіны змагла самастойна сфарміраваць парламенцкую большасць", - адзначыў Ігар Кізім.

Паводле яго слоў, ужо ў час першага пасяджэння новага парламента, 29 жніўня, быў створаны новы ўрад, падтрыманы важныя законы, якія грамадства ўжо даўно чакала, у тым ліку закон аб зняцці недатыкальнасці з дэпутатаў, што з'яўляецца прыкметай сур'ёзнай настроенасці ўкраінскай улады на паскарэнне эканамічных і сацыяльных рэформ, а таксама рашучасць у барацьбе з карупцыяй. Ігар Кізім асобна спыніўся на паслядоўнасці знешняй палітыкі Украіны, якая застаецца нязменнай, - гэта курс на еўрапейскую і еўраатлантычную інтэграцыю.

Пры гэтым пасол адзначыў, што Украіна прадаўжае заставацца вернай мінскім дамоўленасцям як аднаму з дзейсных механізмаў вяртання міру ў Данбасе. Ён выказаў словы ўдзячнасці кіраўніцтву Беларусі за прадастаўленне перагаворнай пляцоўкі для работы трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе, "якая застаецца ключавым механізмам пошуку шляхоў вяртання міру на ўсход Украіны".

Ігар Кізім звярнуў увагу на важнасць развіцця добрасуседскіх адносін з Беларуссю як аднаго з асноўных прыярытэтаў знешняй палітыкі Украіны, што, у прыватнасці, адзначыў Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў час тэлефоннай размовы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Пасол таксама адзначыў, што беларуска-ўкраінскія гандлёва-эканамічныя адносіны апошнія тры гады дэманструюць упэўнены рост. Беларусь застаецца для Украіны другім гандлёвым партнёрам сярод краін СНД і чацвёртым сярод краін свету.

"Тэлефонная размова двух прэзідэнтаў стала адным з этапаў падрыхтоўкі іх сустрэчы, запланаванай у пачатку кастрычніка ў час другога Форуму рэгіёнаў Украіны і Беларусі. Гэты форум павінен стаць самай маштабнай падзеяй года ў двухбаковых палітычных і гандлёва-эканамічных адносінах і, я ўпэўнены, добрай магчымасцю для ўсталявання трывалых і дружалюбных асабістых адносін паміж Уладзімірам Зяленскім і Аляксандрам Лукашэнкам", - падкрэсліў пасол Украіны.

У сваю чаргу намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Ляшэнка звярнуў увагу, што беларуска-ўкраінскія адносіны дынамічна развіваюцца. У мінулым годзе паспяхова адбыўся першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, у гэтым годзе мерапрыемства запланавана ў Жытоміры. Віцэ-прэм'ер выказаў упэўненасць у далейшых паспяховых перспектывах развіцця адносін паміж дзвюма дзяржавамі.-0-

Навіны рубрыкі Палітыка
Поўная версія