Поўная версія

Саюзныя адносіны Беларусі і Расіі ў бліжэйшы час павінны выйсці на якасна новы ўзровень - Сямашка

Палітыка 28.06.2019 | 09:58
Уладзімір Сямашка. Фота пасольства Беларусі ў Расіі
Уладзімір Сямашка. Фота пасольства Беларусі ў Расіі

28 чэрвеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Саюзныя адносіны Беларусі і Расіі ў бліжэйшы час павінны выйсці на якасна новы ўзровень. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка 27 чэрвеня ў Маскве на ўрачыстым прыёме з нагоды Дня Незалежнасці Беларусі, які адбыўся ў дыпмісіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Уладзімір Сямашка адзначыў, што з першых дзён незалежнасці маладая суверэнная Беларусь пачала выбудоўваць раўнапраўныя партнёрскія адносіны з усімі краінамі, у тым ліку з Расіяй, а ў бягучым годзе споўніцца 20 гадоў з дня падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. "У бліжэйшы час саюзныя адносіны павінны выйсці на якасна новы ўзровень. Трэба будзе прыняць важныя рашэнні ў галіне фарміравання адзінай эканамічнай прасторы, у тым ліку развіцця фінансава-крэдытнай, паліўна-энергетычнай і транспартнай сістэм", - сказаў пасол.

Ён падкрэсліў, што дзякуючы інтэграцыйным працэсам ад Брэста да Уладзівастока беларусы і расіяне маюць роўныя правы ў свабодзе перамяшчэння і выбары месца жыхарства, працаўладкаванні, адукацыі, сацыяльным забеспячэнні, медыцыне, у пытаннях набыцця жылля, вядзення бізнесу. "Дзякуючы цесным эканамічным сувязям, невялікая Беларусь стала для вялізнай Расіі пятым па велічыні знешнегандлёвым партнёрам, - падкрэсліў Уладзімір Сямашка. - Умацоўваецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Праз тры тыдні ў Санкт-Пецярбургу з удзелам кіраўнікоў дзяржаў адкрыецца ўжо шосты Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Мы разам і паспяхова вырашаем пытанні забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы, падтрымліваем адзін аднаго на міжнародных пляцоўках".

Пасол заявіў, што Расія была і застаецца галоўным стратэгічным, знешнепалітычным і знешнеэканамічным саюзнікам Беларусі.

Прыём у пасольстве сабраў многіх прадстаўнікоў палітычнай, дзелавой і культурнай эліты Расіі. Гасцямі дыпмісіі сталі статс-сакратар - намеснік міністра замежных спраў Расіі Рыгор Карасін, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, расійскія парламентарыі, прадстаўнікі Еўразійскай эканамічнай камісіі, Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, мэрыі і прэфектур Масквы, беларускай дыяспары, экспертна-медыйнай супольнасці, а таксама кіраўнікі пасольстваў краін СНД, Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, акрэдытаваных у Маскве.-0-

Навіны рубрыкі Палітыка
Поўная версія