Поўная версія

Мінск выбраў сваіх прадстаўнікоў у Савет Рэспублікі

Палітыка 07.11.2019 | 14:01
Фота з архіва
Фота з архіва

7 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску выбрана 8 членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА:

дырэктар РНПЦ дзіцячай хірургіі Канстанцін Драздоўскі;

галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Іванец;

дырэктар гімназіі нумар 10 Марына Ільіна;

дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогі і гематалогіі Алег Румо (адзіны з сенатараў мінулага склікання, хто зноў будзе прадстаўляць сталіцу ў верхняй палаце парламента);

начальнік галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў па Мінску Таццяна Рунец;

загадчык кафедры дыпламатычнай і консульскай службы факультэта міжнародных адносін БДУ Андрэй Русаковіч;

намеснік дырэктара - кіраўнік Інстытута прававых даследаванняў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі Сяргей Сівец;

старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц.

Такое рашэнне прынята сёння на пасяджэнні Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў.

Канстанцін Драздоўскі звярнуў асаблівую ўвагу на пытанні, якія трэба будзе вырашаць парламенту па ўдасканаленні сістэмы аховы здароўя. Дэмаграфічная бяспека, кадравая палітыка ў адносінах да кваліфікаваных спецыялістаў, аднаўленне даверу да сістэмы аховы здароўя, павышэнне яе іміджу за мяжой - такія асноўныя акцэнты работы ў гэтым напрамку. Для гэтага неабходны прававая база, міжведамаснае ўзаемадзеянне і зваротная сувязь.

Андрэй Іванец акрэсліў перспектывы, да якіх неабходна рухацца Беларусі. "Інтэлект, прадукт новых навуковых ведаў гарантуюць развіццё грамадства і эканомікі, - адзначыў ён. - Паглыбленне ў лічбавыя тэхналогіі сёння ўжо не фантастыка. Усё гэта вядзе да трансфармацыі нашага грамадства. Асэнсаванне можа даць сучасная навука. Пытанні ўстойлівасці эканамічнага росту знаходзяцца ў полі зроку вучоных". Канцэптуальную праграму дэпутата можна выказаць словамі: Беларусь індустрыяльная - лічбавізацыя, магутная эканоміка, грамадства інтэлекту, шматграннасць развіцця чалавека, максімальная карысць навукі і інавацый.

Таццяна Рунец мае намер актыўна ўдзельнічаць ва ўдасканаленні сістэмы кіравання дзяржаўнымі фінансамі і інвестыцыйнай палітыкі, планаванні бюджэту і захаванні яго сацыяльнай накіраванасці, укараненні бюджэтавання, арыентаванага на вынік. Лічыць важным у рабоце сенатара сустрэчы з працоўнымі калектывамі, каб быць паспяховымі ў заканатворчасці.

Андрэй Русаковіч у рэалізацыі знешнепалітычнага курсу краіны ключавым лічыць шматвектарны прынцып, канструктыўныя адносіны з партнёрамі нават ва ўмовах дынамізму, няўстойлівасці, вострай канкурэнцыі паміж усімі ўдзельнікамі ў поліцэнтрычным свеце. Першарадныя для Беларусі рэалізацыя Парадку дня-2030, далучэнне да СГА, захаванне рэжымаў раззбраення і абмежавання ўзбраення, задачы інтэграцыйнага развіцця. На думку Андрэя Русаковіча, цяпер парламент забяспечвае неабходны ўзровень міжнароднага ўзаемадзеяння. Перад новым складам стаяць задачы па пашырэнні на міжнароднай арэне знешнепалітычных ініцыятыў, агучаных Прэзідэнтам.

Сяргей Сівец разглядае сваё вылучэнне ў сенатары як велізарны крэдыт даверу з боку грамадзян. На яго думку, сучаснаму парламенту пры ўдасканаленні прававой сістэмы неабходна ўмець аператыўна рэагаваць на выклікі сучаснасці - працэсы глабалізацыі, лічбавізацыі.

Віктар Чайчыц упэўнены ў паспяховай каманднай рабоце сенатараў ад Мінска. Асабіста для сябе вылучае наступныя акцэнты: стварэнне самастойнага інстытута навуковай экспертызы і сістэмы зваротнай сувязі эфектыўнасці заканатворчасці, рэгіянальную інтэграцыю, работу з моладдзю і ўдасканаленне заканадаўства ў гэтай сферы. "Маю намер актыўна супрацоўнічаць з дэпутатамі на мясцовым узроўні. Важна аказваць ім усялякую дапамогу і падтрымку, а не кантраляваць. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць прававой асвеце і выхаванню грамадзян. Пераконваць іх у тым, што жыць і працаваць у адпаведнасці з законам не толькі правільна, але і выгадна. Мірыцца лепш, чым судзіцца. Нацэльваць людзей думаць не толькі аб тым, што робіць для цябе дзяржава, але і аб тым, што ты можаш рабіць для людзей і дзяржавы", - падкрэсліў Віктар Чайчыц.

Старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак павіншаваў выбраннікаў з новым статусам. "Упэўнены, прадстаўленыя праграмы - толькі частка вашага вопыту. Вы вопытныя спецыялісты ў сваіх сферах. Гэта дасць магчымасць вам разам вырашаць складаныя задачы на сур'ёзным заканатворчым узроўні. Гэтыя законы па аб'ёме і задачах датычацца кожнага чалавека ў краіне. Не забывайце, што Мінск - сталіца нашай краіны, і кожны беларус ставіцца да яе па-асабліваму. Гэта сэрца Беларусі, якое жывіць надзеі яе жыхароў. Помніце, што найбольш якаснае рашэнне датычыцца двух аспектаў: першае - нашай дзяржавы, яе бяспекі і развіцця, другое - кожнага чалавека", - сказаў мэр.

Вынікі выбараў ЦВК падвядзе 12 лістапада.

Савет Рэспублікі - адна з дзвюх палат парламента Беларусі. У яе ўваходзяць 64 чалавекі, і яна лічыцца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Пры гэтым 56 чалавек выбіраюцца, а яшчэ 8 назначае Прэзідэнт. Членам Савета Рэспублікі можа стаць грамадзянін Беларусі, які дасягнуў 30 гадоў і пражыў на тэрыторыі адпаведнай вобласці альбо Мінска не менш як пяць гадоў. Вылучацца ў сенатары не могуць тыя, хто мае судзімасць. Таксама адзін і той жа чалавек не можа адначасова з'яўляцца членам дзвюх палат парламента. Нельга быць адначасова і членам Савета Рэспублікі, і членам урада. Не дапускаецца сумяшчэнне абавязкаў сенатара з адначасовым займаннем пасады Прэзідэнта або суддзі.-0-

Навіны рубрыкі Палітыка
Поўная версія