Поўная версія

Давыдзька: "Белая Русь" дапамагае выканаўчай уладзе вырашаць сацыяльныя праблемы

Палітыка 19.08.2019 | 10:24
Генадзь Давыдзька. Фота з архіва
Генадзь Давыдзька. Фота з архіва

19 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Белая Русь" дапамагае выканаўчай улазе змагацца і вырашаць актуальныя сацыяльныя праблемы. Аб гэтым заявіў у эфіры тэлеканала СТБ старшыня РГА "Белая Русь" Генадзь Давыдзька, паведамляе БЕЛТА.

"Наша арганізацыя ставіць сабе асноўнай мэтай барацьбу з актуальнымі праблемамі, пытаннямі, якія існуюць у сацыяльнай плоскасці. Мы спрабуем дапамагчы выканаўчай уладзе спраўляцца з праблемамі. І нам гэта ўдаецца. Напрыклад, у адным з раёнаў Мінска хацелі пабудаваць шмат паркінгаў. Народ абурыўся, звярнуўся ў "Белую Русь". Мы напісалі пісьмо ў Міністэрства архітэктуры і іншыя інстанцыі з патрабаваннем улічыць меркаванне народа. Гэту будоўлю згарнулі. І такіх прыкладаў вельмі шмат", - адзначыў Генадзь Давыдзька.

На яго думку, арганізацыя паспяхова рэалізуе сваю праграму ў фармаце грамадскага аб'яднання. "У нас ёсць магчымасць мяняць недасканаласць свету на нашым узроўні. Як толькі мы станем партыяй, мы павінны будзем змагацца за ўладу. Можа, у будучым, але не сёння", - сказаў ён.

Пры гэтым многія члены арганізацыі (78 працэнтаў) з'яўляюцца дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Партыйнай дысцыпліны ў аб'яднанні няма. Кожны можа мець свой пункт гледжання, выступаць, даносіць сваё меркаванне да іншых. Калі іншыя не пераканалі - можна прагаласаваць супраць: гэта асабістае меркаванне.

Будучыя кандыдаты ў дэпутаты могуць заявіць пра сябе самі. Некаторым, найбольш актыўным, стаць часткай Палаты прадстаўнікоў прапануе кіраўніцтва аб'яднання. "Мы бачым актыў, бачым людзей, якія актыўна працуюць недзе ў выканаўчай уладзе, у бізнесе, у сацыяльнай сферы - дзе хочаце. Тым, хто дасведчаны, хто можа кампетэнтна разважаць аб нейкай сферы дзейнасці, акуратна рэкамендуем паспрабаваць свае сілы ў парламенце. У палавіне выпадкаў людзі адмаўляюць - я прафесіянал, я люблю сваю справу, не хачу", - расказаў старшыня аб'яднання.

У цэлым, падкрэсліў ён, дзверы арганізацыі адкрыты. "Мы чакаем усіх з іх праблемамі, усіх, хто бачыць недасканаласці ў горадзе, у краіне, у свеце. Падзяліцеся, мы выслухаем, падумаем. Калі ёсць набалелая праблема, мы паспрабуем зняць гэты боль. Прысутнічаючы і ў заканадаўчай, і ў выканаўчай уладзе, мы паспрабуем не толькі ліквідаваць гэту праблему, але і зняць перадумовы для ўзнікнення на гэтай глебе іншых падобных пытанняў", - сказаў на заканчэнне ён.-0-

Навіны рубрыкі Палітыка
Поўная версія