Поўная версія

Больш як 4,7 тыс. наглядальнікаў ад БРСМ акрэдытаваны для работы на парламенцкіх выбарах

Палітыка 12.11.2019 | 10:58
Фота з архіва
Фота з архіва

12 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 4,7 тыс. наглядальнікаў ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі акрэдытавана для работы на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Цэнтральнай кантрольнай камісіі БРСМ Кацярына Петрашкевіч.

"Сёння ў першы дзень датэрміновага галасавання наглядальнікі выходзяць на выбарчыя ўчасткі. На гэты момант выбарчымі камісіямі акрэдытаваны: 4788 нацыянальных наглядальнікаў ад БРСМ, у тым ліку 1 - у ЦВК, 7 - у тэрытарыяльныя камісіі, 111 - у акруговыя, 4669 - ва ўчастковыя, - расказала Кацярына Петрашкевіч. - Назіранне за ходам выбарчай кампаніі - гэта для нашых наглядальнікаў праяўленне грамадзянскай і грамадскай актыўнасці. Наша пазіцыя - законнасць і аб'ектыўнасць у прынцыпах назірання за электаральным працэсам і непасрэдна работай кожнага ўчастка для галасавання".

З 26 кастрычніка саюз моладзі правёў 250 маладзёжных пікетаў, накіраваных на павышэнне электаральнай актыўнасці маладых выбаршчыкаў. У кастрычніку таксама адбыўся рэспубліканскі семінар, у якім прынялі ўдзел больш як 300 чалавек (наглядальнікаў, членаў штабоў па выбарах, прадстаўнікоў участковых камісій). Аналагічнае навучанне прайшлі ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Сёння БРСМ даў старт маладзёжнай эстафеце "#япрыду". "Для маладых людзей, якія галасуюць упершыню, 12-17 лістапада па ўсёй краіне пройдзе больш за 200 мерапрыемстваў маладзёжнай эстафеты "#япрыду", накіраванай на павышэнне электаральнай актыўнасці выбаршчыкаў, якія галасуюць упершыню. Акрамя таго, саюз моладзі падрыхтаваў і накіруе на выбарчыя ўчасткі ў дні галасавання амаль 3 тыс. вопытных валанцёраў. Сёння яны таксама пачалі работу", - адзначыла старшыня ЦКК.

На дэпутацкія мандаты ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання прэтэндуюць дзесяць прадстаўнікоў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Яны прайшлі працэдуру рэгістрацыі кандыдатамі праз збор подпісаў, вылучэнне ад працоўных калектываў і палітычных партый. Трэба адзначыць, што адкрытыя дыялогі "Беларусь і я", якія пад эгідай БРСМ праходзяць па ўсёй краіне, сталі эфектыўнай формай публічных абмеркаванняў розных пытанняў і пунктаў гледжання. Гэтыя дыскусійныя пляцоўкі даюць магчымасць удзельнікам дыялогаў даведацца, што ў Беларусі зроблена для падтрымкі і развіцця патэнцыялу моладзі, і задумацца над тым, што кожны малады чалавек зрабіў для сваёй краіны.-0-

Навіны рубрыкі Палітыка
Поўная версія