Поўная версія

Беларусь зацікаўлена ў вывучэнні шведскага вопыту па дасягненні МУР - Шчоткіна

Палітыка 11.11.2019 | 16:26
Мар'яна Шчоткіна. Фота з архіва
Мар'яна Шчоткіна. Фота з архіва

11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў вывучэнні перадавога шведскага вопыту па пытаннях дасягнення мэт устойлівага развіцця. Аб гэтым заявіла нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР у Беларусі Мар'яна Шчоткіна на сустрэчы высокага ўзроўню з нагоды дзесяцігоддзя "Усходняга партнёртва" ў Стакгольме, якая была прысвечана тэматыцы ўстойлівага развіцця. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Швецыі.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі кіраўнікі МЗС краін "Усходняга партнёрства", а таксама Румыніі, намеснік міністра замежных спраў Польшчы, кіраўніцтва Шведскага агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (СІДА) і прадстаўнікі Еўрапейскай камісіі.

Мар'яна Шчоткіна адзначыла, што ў Беларусі праводзіцца актыўная работа ў мэтах дасягнення МУР, і назвала прыярытэты краіны для рэалізацыі Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. Яна падкрэсліла агульнасць інтарэсаў Беларусі і Швецыі па Парадку дня-2030 у такіх галінах, як абарона навакольнага асяроддзя, барацьба са змяненнем клімату, гендарная роўнасць, забеспячэнне ўстойлівага эканамічнага росту. Мінск і Стакгольм гатовы нарошчваць практычнае супрацоўніцтва па названых напрамках.

Нацыянальны каардынатар выказала ўдзячнасць шведскаму боку за рэалізацыю праектаў тэхнічнай дапамогі Беларусі, у тым ліку пры ўдзеле СІДА, а таксама за гуманітарныя ініцыятывы, якія садзейнічаюць дасягненню мэт устойлівага развіцця.

Адбыліся сустрэчы Мар'яны Шчоткінай з міністрам па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця Швецыі Петэрам Эрыксанам і генеральным дырэктарам СІДА Карын Емцін. "Увазе шведскага боку была прадстаўлена інфармацыя аб дзейнасці Беларусі па дасягненні МУР, створанай архітэктуры гэтай работы, у якую актыўна ўключана грамадзянская супольнасць. Былі абмеркаваны прыярытэты "Усходняга партнёрства" ў сферы ўстойлівага развіцця на наступны дзесяцігадовы перыяд, а таксама галоўныя напрамкі двухбаковага ўзаемадзеяння па гэтай тэматыцы. Да шведскага боку была звернута просьба аб пазітыўным разглядзе перададзеных раней праектных прапаноў у сферы аховы навакольнага асяроддзя, барацьбы са змяненнем клімату, а таксама па падтрымцы і абароне правоў людзей з інваліднасцю", - праінфармавалі ў пасольстве.

Петэр Эрыксан падрабязна выклаў падыходы шведскага боку па пытаннях правоў чалавека, гендарнай роўнасці і пашырэнні дэмакратыі. У сваю чаргу Карын Емцін расказала аб падрыхтоўцы чарговай доўгатэрміновай стратэгіі работы агенцтва ў рэгіёне Усходняй Еўропы і Заходніх Балкан, уключаючы Беларусь.

Акрамя таго, Мар'яна Шчоткіна прыняла ўдзел у сустрэчы са спікерам парламента Швецыі Андрэасам Нурленам, арганізаванай для дэлегацый дзяржаў "Усходняга партнёрства". Яна сустрэлася з генеральным дырэктарам сакратарыята Савета дзяржаў Балтыйскага мора паслом Майрай Морай.-0-

Навіны рубрыкі Палітыка
Поўная версія