ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 5 ліпеня 2022
Мінск Ясна +19°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
24 мая 2022, 11:22

Беларусь лічыць цікавым вопыт Арменіі ў сферы лічбавізацыі

Фота Мінюста
Фота Мінюста

24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь лічыць цікавым вопыт Арменіі ў сферы лічбавізацыі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства юстыцыі ў сувязі з візітам у Беларусь дэлегацыі Арменіі на чале з міністрам юстыцыі Карэнам Андрэасянам, які праходзіць з 23 па 24 мая.

Праграма знаходжання дэлегацыі вельмі насычаная. У першы дзень візіту прайшоў круглы стол па пытаннях дзейнасці міністэрстваў юстыцыі, у якім прынялі ўдзел міністры, паслы і эксперты дзвюх дзяржаў. Армянскаму боку прэзентавалі беларускі вопыт унясення змяненняў у Асноўны закон дзяржавы, правядзення канстытуцыйнай рэформы. Абмяркоўваліся пытанні пераводу адміністрацыйных працэдур у электронную форму і арганізацыі работы сістэмы органаў прымусовага выканання. Карэн Андрэасян у сваю чаргу падзяліўся асаблівасцямі правядзення канстытуцыйнай рэформы ў Арменіі, а таксама расказаў аб асноўных напрамках дзейнасці Мінюста.

Пасол Беларусі ў Арменіі Аляксандр Канюк адзначыў важнасць сустрэчы для развіцця партнёрскіх адносін дзвюх дзяржаў. "Нягледзячы на тое што дзейнасць міністэрстваў юстыцыі Беларусі і Арменіі крыху адрозніваецца, асноўны напрамак, дзе будзе карысны абмен вопытам, - лічбавізацыя. Развіццё IT-тэхналогій у нашай краіне ідзе вялікімі тэмпамі. І ў Арменіі зроблена нямала карыснага, што будзе цікава беларускім калегам", - сказаў ён.

Адно з пытанняў, якое хвалявала гасцей, - выкарыстанне на тэрыторыі Арменіі натарыяльных дакументаў, выдадзеных беларускімі натарыусамі, і электроннага апастыля. Бачанне гэтай праблемы і магчымыя шляхі выхаду з яе прапанавала старшыня Беларускай натарыяльнай палаты Наталля Барысенка. Намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў растлумачыў, што гэта пытанне знаходзіцца ў плоскасці дзейнасці некалькіх рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і абавязкова будуць прыняты крокі для яго вырашэння.

Па выніках дыскусіі міністр юстыцыі Беларусі Сяргей Хаменка запэўніў, што пры непасрэдным удзеле БНП будуць улічаны інтарэсы дзвюх дзяржаў і ўжо да наступнай сустрэчы двух міністраў юстыцыі падрыхтуюць адпаведны дакумент, які ляжа на стол для падпісання. "За такімі пытаннямі стаяць чалавечыя цяжкасці, праблемы, а часам і лёсы. Іх больш хуткае вырашэнне стварае сацыяльнае аблічча дзяржавы", - адзначыў Сяргей Хаменка.

Завяршыўся круглы стол урачыстай цырымоніяй падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве міністэрстваў юстыцыі дзвюх дзяржаў, у якіх замацаваны канцэптуальныя напрамкі ўзаемадзеяння па найбольш актуальных пытаннях дзейнасці ведамстваў і механізмы іх рэалізацыі.

Госці таксама наведалі сталічны Палац грамадзянскіх абрадаў, дзе азнаёміліся з арганізацыяй дзейнасці органаў запісаў актаў грамадзянскага стану Беларусі. Прэзентацыю на тэму маючай адбыцца лічбавай трансфармацыі сферы прадставіла начальнік упраўлення натарыята і загсаў Наталля Жукава. Акрамя таго, дэлегацыя наведала шматфункцыянальны цэнтр Беларускай натарыяльнай палаты і натарыяльны архіў Мінска і Мінскай вобласці. На гасцей зрабілі ўражанне сучасныя сродкі захоўвання архіўных дакументаў і спраў: мабільныя сістэмы стэлажоў, распрацаваныя спецыяльна для абароны натарыяльных дакументаў ад сонечнага святла, уздзеяння вільгаці і пылу, аўтаматычныя сістэмы аховы і пажарнай бяспекі.

Акрамя таго, Сяргей Хаменка і Карэн Андрэасян з удзелам паслоў і прадстаўнікоў двух ведамстваў усклалі вянок і кветкі да манумента Перамогі. Міністр юстыцыі Арменіі адзначыў маштабнасць праводзімай у Беларусі работы па захаванні гістарычнай памяці, яе асаблівую важнасць для выхавання маладога пакалення. Кіраўнікі міністэрстваў таксама ўшанавалі памяць вартавых правапарадку, усклаўшы кветкі да помніка супрацоўнікам органаў унутраных спраў, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку.-0-

Фота Мінюста

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі