Поўная версія

Беларусь і Венгрыя абмяркуюць узаемадзеянне, адносіны з ЕС і сітуацыю ў рэгіёне

Палітыка 11.01.2019 | 16:44
Фота з архіва
Фота з архіва

11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэр Сіярта 14 студзеня наведае з афіцыйным візітам Беларусь. На сустрэчах будуць абмяркоўвацца пытанні нарошчвання двухбаковага ўзаемадзеяння, адносіны Беларусі з ЕС і сітуацыя ў рэгіёне, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.

Петэр Сіярта плануе сустрэцца з кіраўніцтвам беларускага ўрада, міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, міністрамі эканомікі, спорту і турызму, сельскай гаспадаркі і харчавання.

"На сустрэчы Уладзіміра Макея і Петэра Сіярта асаблівая ўвага будзе ўдзелена далейшаму нарошчванню двухбаковага ўзаемадзеяння, супрацоўніцтву Беларусі з Еўрапейскім саюзам, сітуацыі ў рэгіёне і пытанням бяспекі", - расказалі ў прэс-службе.

Бакі падпішуць некалькі дакументаў, у тым ліку міжурадавае пагадненне аб садзейнічанні ажыццяўленню і ўзаемнай абароне інвестыцый, мемарандум аб узаемаразуменні паміж знешнепалітычнымі ведамствамі аб садзейнічанні міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву, а таксама план кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў на 2019 год.

Акрамя таго, Петэр Сіярта выступіць перад студэнтамі факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па тэме "Міграцыя і будучыня ЕС".-0-

Навіны рубрыкі Палітыка
Поўная версія