Поўная версія

Адкрыццё генконсульства ў Гуанчжоу надасць новы імпульс беларуска-кітайскім адносінам - МЗС

Палітыка 13.10.2016 | 16:45

13 кастрычніка, Мінск /Надзея Мацвеева - БЕЛТА/. Адкрыццё генеральнага консульства ў Гуанчжоу надасць новы імпульс беларуска-кітайскім адносінам. Такое меркаванне выказаў начальнік упраўлення Азіі, Аўстраліі і Акіяніі Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Грынкевіч на Гандлёва-эканамічнай і турыстычнай канферэнцыі правінцыі Гуандун і Мінскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міжурадавае пагадненне аб адкрыцці дыпламатычнага прадстаўніцтва ў сталіцы Паўднёва-Кітайскага рэгіёна падпісана ў верасні ў час візіту ў Кітай Прэзідэнта Беларусі. "Такі крок станоўча паўплывае на ўстанаўленне прамых кантактаў паміж дзелавымі коламі дзвюх краін, прывядзе да павелічэння ўзаемных турыстычных патокаў", - лічыць Андрэй Грынкевіч.

Супрацоўніцтва паміж дзяржавамі развіваецца дынамічна, у 2015 годзе тавараабарот дасягнуў $3,2 млрд, што ў дзесяць разоў больш, чым дзесяць гадоў таму. Кітай сярод гандлёва-эканамічных партнёраў Беларусі займае трэцяе месца па аб'ёме тавараабароту, сёмае - па аб'ёме беларускага экспарту, другое - па аб'ёме імпарту.

"Патэнцыял намнога большы, і міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне адыгрывае ў гэтым найважнейшую ролю. Партнёрскія адносіны з кітайскімі правінцыямі ўстанавілі ўсе вобласці Беларусі", - адзначыў Андрэй Грынкевіч.

Правінцыя Гуандун (са сталіцай Гуанчжоу) размешчана на поўдні КНР і з'яўляецца самай развітой эканомікай рэгіёна. Яе валавы ўнутраны прадукт у мінулым годзе склаў $1,17 трлн - гэта адна дзявятая частка ВУП Кітая. У сярэднім ВУП на душу насельніцтва перавышае $10 тыс. Супрацоўніцтва правінцыі Гуандун і Беларусі ў розных сферах мае добрую дынаміку. Аб'ём імпартна-экспартных аперацый павялічыўся са $160 млн у 2011 годзе да $340 млн у 2015-м. За 8 месяцаў бягучага года падпісана кантрактаў на $125 млн, што ў 1,4 раза больш за ўзровень мінулага года.

Дэлегацыя правінцыя Гуандун наведвае Мінскую вобласць 12-15 кастрычніка. У Гандлёва-эканамічнай і турыстычнай канферэнцыі правінцыі Гуандун і Мінскай вобласці прымаюць удзел больш як 160 кампаній з усіх раёнаў Мінскай вобласці. У складзе кітайскай дэлегацыі - прадстаўнікі больш як 60 кітайскіх прадпрыемстваў, якія працуюць у сферах электронікі, будаўніцтва, хімічнай, харчовай прамысловасці і інш.-0-

Навіны рубрыкі Палітыка
Поўная версія