Поўная версія
Павел Лёгкі

Журналіст павінен вучыцца і развівацца заўсёды, дзе б ён ні працаваў

Меркаванні 03.09.2018 | 16:08
Павел Лёгкі Павел Лёгкі Першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі

Журналіст павінен вучыцца і развівацца заўсёды, дзе б ён ні працаваў. Такое меркаванне выказаў на сустрэчы з першакурснікамі факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Павел Лёгкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Да кожнага жыццёвага скрыжавання трэба падыходзіць у статусе прафесіянала, які здольны не проста добра рабіць сваю справу, але і развівацца. Гэта адзін з вызначальных фактараў для прафесіянала - здольнасць развівацца далей, гарэць сваёй справай", - сказаў Павел Лёгкі.

Паводле яго слоў, работа ў сферы журналістыкі павінна быць прадметам гонару, паколькі яна цікавая і ўплывовая. Пры гэтым вельмі важна быць адукаваным, якасным спецыялістам, для чаго студэнтам трэба выкарыстоўваць прадастаўленыя ў час вучобы магчымасці, каб выйсці пасля заканчэння факультэта са значным багажом ведаў і ўменняў. Прафесіяналізм жа прыйдзе з вопытам.

Павел Лёгкі, які працаваў доўгі час у Расіі, адзначыў даволі высокі прафесійны ўзровень беларускіх журналістаў. "Можа, нейкія тэхналогіі да нас даходзяць пазней, можа, не заўсёды хапае сродкаў на нейкія суперсучасныя формы работы, але самае галоўнае - у нас адносна моцныя журналісцкія кадры, - лічыць ён. - І мне хацелася б, каб вы не падвялі нашу школу журналістыкі і сталі адукаванымі, якаснымі журналістамі, якія зробяць добрую кар'еру і заўсёды будуць ганарыцца тым, што калісьці скончылі журфак БДУ".

Галоўны рэдактар газеты "СБ. Беларусь сегодня" Дзмітрый Жук звярнуўся да пачынаючых журналістаў як будучы наймальнік. Ён даў практычныя парады першакурснікам: дакладна разумець, як і чым жыве краіна, каб ведаць тэму, па якой вядзецца расказ, свабодна пісаць і гаварыць на рускай і беларускай мовах, валодаць англійскай, без чаго сёння не знайсці добрую работу, умець працаваць аператыўна. Ад журналістаў заўсёды будуць патрабавацца сумленнасць, адкрытасць, таленавітасць і самае галоўнае - здаровая доля нахабства. Гэта тыя ўмовы, якія неабходны для поспеху ў прафесіі.

Намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Сяргей Гусачэнка звярнуў увагу, што для кожнага журналіста важна практыка. І якімі б добрымі ні былі адзнакі ў дыпломе, якімі б цудоўнымі ні былі выкладчыкі, без уласнага імкнення добрых вынікаў не дасягнуць. Ён перасцярог ад ідэалізацыі прафесіі, паколькі за прыгожай карцінкай стаіць карпатлівая праца. "Трэба быць гатовым працаваць у выхадныя, чуць нараканні ад сяброў і знаёмых у свой адрас, што з вамі нічога нельга спланаваць. Але разам з тым гэта вельмі цікавая прафесія. У якой яшчэ прафесіі кожны дзень новая тэма, новыя здымкі, дзе яшчэ ёсць такая магчымасць сустракацца з таленавітымі і цікавымі людзьмі?" - сказаў Сяргей Гусачэнка. Важна ісці і не апускаць рукі, нават калі матэрыялы ідуць у стол, прадаўжаць цярпліва працаваць.

Першы намеснік генеральнага дырэктара СТБ Вадзім Шчаглоў падтрымаў калегу. Толькі рэалізаваўшыся, разумееш, што гэта самая цікавая прафесія, якая можа быць. Ён параіў акрамя вучобы актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх грамадскіх працэсах, паколькі гэта інвестыцыі ў будучыню.

Поўная версія