Поўная версія
Генадзь Салавей

Задача мясцовай улады - падтрымаць жаданне людзей развіваць фермерскую гаспадарку

Меркаванні 16.10.2019 | 15:49
Генадзь Салавей Генадзь Салавей Старшыня Гомельскага аблвыканкама

Задача мясцовай улады - падтрымаць жаданне людзей развіваць фермерскую гаспадарку. Такое меркаванне выказаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей у час прамой тэлефоннай лініі і прыёму грамадзян у Жыткавіцкім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Напрамак для канструктыўнай размовы на гэту тэму задаў Сяргей Адамовіч з вёскі Пухавічы. Ён прасіў вырашыць пытанне з выдзяленнем участка з сельскагаспадарчых зямель для развіцця фермерскай гаспадаркі. Размова аб гектары зямлі, дзе ён плануе вырошчваць буякі. Нагледзеў ідэальны для выбранай культуры варыянт, аднак зямля знаходзіцца ва ўласнасці аднаго з мясцовых прадпрыемстваў.

"Вырошчванне буякоў - нялёгкая праца. Разам з тым гэта знакавая для Гомельскай вобласці культура, якая садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў. Важна і трэба гэтым займацца. Ёсць жаданне ў чалавека працаваць на зямлі - трэба даць яму такую магчымасць. Важна падтрымаць яго", - акцэнтаваў увагу губернатар. Ён даручыў адпаведным службам прапанаваць мужчыну ўзаемавыгадны варыянт. Тэрмін - два тыдні.

Адразу некалькі тэм агучыла жыхарка райцэнтра Надзея Лядвік. Яна перажывала наконт тэрмінаў тэрмарэнавацыі дома, у якім жыве ўжо 35 гадоў. Жанчыну запэўнілі, што, згодна з зацверджанай у райвыканкаме праграмай, яе дом ёсць у спісах на ўцяпленне на 2019-2020 гады.

Акцэнтавала ўвагу заяўніца і на адсутнасці ў гарадской паліклініцы ўрача-эндакрынолага. Як расказалі ў райвыканкаме, дадатковае навучанне прайшоў урач агульнай практыкі, які цяпер можа кансультаваць і ў якасці эндакрынолага. Вызначаны дзень, калі ён будзе прымаць менавіта па гэтым профілі.

Гаварыла жанчына і аб паляпшэнні вулічнага асвятлення ў зоне для заняткаў скандынаўскай хадзьбой. Як удакладнілі ў райвыканкаме, створана і добраўпарадкавана сцежка здароўя для актыўных грамадзян. "Я не скаржніца. Не толькі для сябе прашу, больш для людзей", - сказала жыхарка райцэнтра. У райвыканкаме цэняць актыўную пазіцыю жанчыны. Аператыўна рэагуюць на яе звароты, якія дапамагаюць добраўпарадкоўваць райцэнтр і робяць жыццё людзей яшчэ больш камфортным.

Тэму стварэння адзінай гісторыка-патрыятычнай канцэпцыі і праграмы маштабных мерапрыемстваў узняў кіраўнік беларускага ваенна-гістарычнага клубнага аб'яднання "Гонар мундзіра" Уладзімір Колат. Губернатар даручыў прапрацаваць маштабную праграму на год, у якую будуць уключаны і мерапрыемствы з удзелам ВГКА.

Паводле слоў Генадзя Салаўя, у вобласці вялікая ўвага ўдзяляецца захаванню памяці і патрыятычнаму выхаванню моладзі. Сёння ў рэгіёне прапрацоўваюцца некалькі гісторыка-патрыятычных праектаў па стварэнні месцаў памяці вызваліцеляў рэгіёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напярэдадні 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне гэты аспект набывае асаблівае гучанне.

Жыхарка Турава выступіла з ініцыятывай заслухаць справаздачу дэпутата Палаты прадстаўнікоў аб праведзенай рабоце за скліканне. Народны выбраннік балаціруецца паўторна, таму сувязь на гэтым этапе важна і для яго, і для людзей. Генадзь Салавей адказаў, што асабіста звяжацца з дэпутатам і пасадзейнічае арганізацыі сустрэчы.

Усяго ў час прамой тэлефоннай лініі да губернатара звярнуліся 11 чалавек. Практычна ў кожным чацвёртым званку гучалі словы ўдзячнасці ў адрас мясцовых і абласных органаў улады за дапамогу ў вырашэнні надзённых праблем. Так, жыхарка аграгарадка Рычоў Галіна Ляўкавец падзякавала за падтрымку ва ўзвядзенні моста цераз раку Сцвігу.

Таксама былі агучаны пытанні добраўпарадкавання дваровых тэрыторый і дарожнай гаспадаркі, развіцця гандлёвай сеткі, упарадкавання збору і вывазу смецця ў прыватным сектары. Па кожным з іх дадзены даручэнні і абазначаны тэрміны вырашэння праблем.

Поўная версія