Поўная версія
Леанід Заяц

У гаспадарках Беларусі дастаткова сіл і сродкаў для эфектыўнай уборачнай кампаніі

Меркаванні 26.07.2018 | 16:23

У гаспадарках Беларусі дастаткова сіл і сродкаў для правядзення эфектыўнай уборачнай кампаніі. Такое меркаванне выказаў у Віцебску журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА. Кіраўнік ведамства прыняў удзел у пасяджэнні аблвыканкама па пытанні правядзення жніва ў рэгіёне.

У арганізацыйным плане ўсё зроблена, падкрэсліў Леанід Заяц. Паводле яго слоў, гатоўнасць камбайнаў высокая - 96,4 працэнта. Гатовы сушыльныя комплексы, вырашана пытанне з дызельным палівам, масламі, бензінам. З боку прамысловых прадпрыемстваў, Мінабароны арганізавана дапамога па вывязенні збожжа на элеватары. Мабілізаваны механізатарскія кадры з прамысловых прадпрыемстваў, навучальных устаноў.

Разам з тым запавольваюць тэмпы жніва дажджы. "Штодзень убіраецца 44-50 тыс. га плошчаў, але гэтага недастаткова. Наш парк дазваляе ўбіраць сёння больш за 100 тыс. га ў дзень. Таму як мінімум 5 працэнтаў мы павінны кожны дзень абмалочваць", - падкрэсліў міністр.

Кіраўнік ведамства таксама адзначыў, што найбольш актыўна на гэты момант ідзе работа ў паўднёвых рэгіёнах - Брэсцкай і Гомельскай абласцях, у Віцебскай яна толькі пачалася: збожжа ў асноўным яшчэ зялёнае. Аналагічная сітуацыя ў Магілёўскай вобласці. "У цэлым аграрыі краіны гатовыя - канстатаваў Леанід Заяц. - Тое збожжа, якое вырасла, дазваляе зрабіць вывады, што ў любым выпадку харчовы запас збожжа нашай дзяржавы будзе засыпаны ў поўным аб'ёме".

Поўная версія