Поўная версія
Віктар Манаеў

Спецпрэмія Прэзідэнта дае разуменне, што твая праца патрэбна і людзям, і дзяржаве

Меркаванні 09.01.2019 | 09:19
Віктар Манаеў Віктар Манаеў Народны артыст Беларусі вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта дае разуменне, што твая праца патрэбна і людзям, і дзяржаве, адзначыў народны артыст Беларусі вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Віктар Манаеў, які ўдастоены гэтай узнагароды, у размове з карэспандэнтам БЕЛТА.

"Я шчаслівы на сваёй рабоце. Служу ў цудоўным тэатры і гледачу вельмі ўдзячны за любоў да яго", - падкрэсліў Віктар Манаеў.

Паводле яго слоў, папярэдні год быў насычаным і цікавым: ён азнаменаваўся 60-гадовым юбілеем і творчым вечарам, падвядзеннем вынікаў і новымі ролямі. "Цудоўны год атрымаўся, таму што было шмат прэм'ер у тэатры, на вялікай сцэне выпусцілі спектакль "Рэвізор" у пастаноўцы Мікалая Пінігіна. І я там з радасцю іграю Гараднічага. Спектакль карыстаецца вялікім поспехам у гледачоў, што вельмі радуе. Акрамя таго, мы з'ездзілі на вялікія гастролі ў Кітай са спектаклем "Чайка" на беларускай мове з субтытрамі на кітайскай. Наша пастаноўка карысталася там папулярнасцю. Год быў актыўным і добрым. Спадзяюся, што і наступны будзе не горшым", - сказаў акцёр.

Таксама ў 2018 годзе Віктар Манаеў за ролю Гараднічага ў "Рэвізоры" стаў пераможцам V Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія" ў намінацыі "Лепшая мужчынская роля ў спектаклі тэатра драмы". "Лёгка іграць добрых, чыстых, светлых персанажаў, у якіх сапраўды вучышся. Бывае, даводзіцца іграць няшчасных і несумленных людзей. Але, магчыма, глядач паглядзіць пастаноўку і зразумее, як нельга жыць. Таму адмоўныя вобразы таксама маюць вялікае значэнне, калі гэта рабіць сур'ёзна і з поўнай аддачай", - выказаў меркаванне Віктар Манаеў.

Сёння ён задзейнічаны ў сямі спектаклях Купалаўскага тэатра - "Паўлінцы", "Пінскай шляхце", "Местачковым кабарэ", "Чайцы", "Вельтмайстары-акардэоне", "Школе падаткаплацельшчыкаў" і "Рэвізоры". "Мой рабочы дзень бывае розным - часам вельмі напружаным, калі выпускаем новы спектакль. Часам складаным, бо калі пастаноўка сур'ёзная, то і рыхтуешся да яе па-асабліваму, вытрымаць вялікі спектакль немагчыма без сабранасці і канцэнтрацыі", - расказаў акцёр.

Віктар Манаеў нарадзіўся 7 жніўня 1958 года ў Мінску. Скончыў школу ў 1975 годзе, але ў тэатральны інстытут адразу не паступіў. Цэлы год да наступных уступных экзаменаў працаваў у Дзяржаўным тэатры лялек, а затым паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на лялечнае аддзяленне. У 1980 годзе таленавітага выпускніка запрасілі ў Купалаўскі тэатр (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы).

За амаль 40 гадоў артыст сыграў самыя розныя ролі. За персанаж Лёнькі Адуванчыка ў "Радавых" Аляксея Дударава ў 1985 годзе ён атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР у галіне драматычнага мастацтва і стаў самым маладым лаўрэатам гэтай прэміі. Высока было ацэнена і выкананне артыстам ролі Мікіты Зносака з "Тутэйшых" Янкі Купалы, за якую яго ўзнагародзілі Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў 1992 годзе.

Творчасць Віктара Манаева таксама адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі, дыпломам за лепшую мужчынскую ролю на фестывалі "Прыбалтыйская тэатральная вясна-85", дыпломам фестывалю "Залаты віцязь" у 2005 годзе за ролю Жабрака ў спектаклі "Сымон-музыка" паводле паэмы Якуба Коласа, а таксама Нагрудным знакам Міністэрства культуры Беларусі "За ўклад у развіццё культуры Беларусі" ў 2008 годзе. Званне народнага артыста прысуджана ў 2011 годзе, у 2013-м акцёр стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Поўная версія