Поўная версія
Павел Лёгкі

Рэгіянальныя СМІ не павінны ўступаць рэспубліканскім

Меркаванні 27.07.2018 | 14:06
Павел Лёгкі Павел Лёгкі Першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі

Рэгіянальныя СМІ маюць вялікі ўплыў на аўдыторыю і таму ў сваім развіцці не павінны ўступаць рэспубліканскім. Такое меркаванне выказаў 27 ліпеня журналістам першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі на семінары-практыкуме ідэалагічных работнікаў Мінскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы пачалі ўдзяляць больш увагі рэгіянальным сродкам масавай інфармацыі, перш за ўсё дзяржаўным, - сказаў Павел Лёгкі. - Ёсць пэўны дысбаланс у развіцці нашых СМІ: рэспубліканскія заўсёды былі наперадзе, былі заканадаўцамі ва ўкараненні новых тэхналогій і форм работы, мелі больш сучасны медыяменеджмент. Але з такім дысбалансам нельга мірыцца і проста назіраць, як расце канкурэнцыя на рэгіянальным медыярынку. Трэба прымаць пэўныя меры падтрымкі дзяржаўных СМІ ў рэгіёнах. Па ступені свайго ўплыву на грамадскую свядомасць і ахопе аўдыторыі яны не ўступаюць рэспубліканскім. Даследаванні паказваюць, што яны часам больш папулярныя ў мясцовых жыхароў, чым рэспубліканскія выданні".

Павел Лёгкі адзначыў, што неабходна развіваць інтэрнэт-журналістыку ў рэгіёнах, паколькі гэтага патрабуе само жыццё. З распаўсюджваннем інтэрнэту, гаджэтаў людзі пачалі значна больш інфармацыі спажываць у сетцы. "Мы павінны сканцэнтравацца на сучасных трэндах. У першую чаргу на развіцці інтэрнэт-журналістыкі. Яшчэ 10 гадоў таму яна была чымсьці незвычайным, далёкім ад рэгіянальных СМІ. Сёння яна трывала ўвайшла ў медыяпрастору Беларусі", - сказаў першы намеснік міністра.

Развіццё рэгіянальнай журналістыкі, на яго думку, павінна грунтавацца на ўжо сфарміраваных пунктах росту. І выяўляць іх - адна з задач ідэалагічных работнікаў.

Сёння на базе ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі" ў Фаніпалі праходзіць семінар-практыкум ідэалагічных работнікаў Мінскай вобласці па актуальных пытаннях работы ў сучасных умовах. Таксама яго ўдзельнікі знаёмяцца з работай прадпрыемства і выстаўкамі: прэзентацыяй дзейнасці грамадскіх арганізацый прадпрыемства; да 80-годдзя ўтварэння ў Мінскай вобласці "Міншчына: учора, сёння, заўтра".

Поўная версія